Мінск 19:30

Кааліцыйная партыя Падляскага ваяводства Польшчы просіць адкрыць хаця б адзін памежны пераход з Беларуссю

Цяпер закрыты пункт пропуску Кузніца
Архіўнае фота: Joanna Szubzda / Polskie Radio Białystok

26 чэрвеня, Позірк. Адкрыць хаця б адзін з памежных пераходаў з Беларуссю, што месцяцца ў Падляскім ваяводстве, просіць улады краіны Польская народная партыя (ПНП), якая ўваходзіць у кааліцыю органаў мясцовага самакіравання згаданага рэгіёна, паведамляе эканамічны партал Interia.

Паводле інфармацыі медыя, старшыня ваяводскай рады, член ПНП Цэзары Часлюкоўскі 25 чэрвеня заявіў пра намер звярнуцца па гэтым пытанні да ўрада, прэм’ер-міністра, Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі і Міністэрства нацыянальнай абароны.

Нагадваецца, што абодва аўтамабільныя памежныя пераходы на тэрыторыі Падляскага ваяводства — Кузніца (з беларускага боку Брузгі) і Баброўнікі (Бераставіца) — былі зачыненыя ў лістападзе 2021 года (праз міграцыйны крызіс) і лютым 2023-га (пасля вынясення ў Беларусі палітычна матываванага выраку журналісту і актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Анджэю Пачобуту) адпаведна. Рух ажыццяўляецца толькі праз пункт пропуску Цярэспаль (Брэст) у Люблінскім ваяводстве.

На прэс-канферэнцыі ў Беластоку Часлюкоўскі заявіў, што зварот ва ўрад выкліканы пратэстам прадпрымальнікаў і жыхароў Падляскага ваяводства, якія лічаць, што закрыццё пагранпераходаў згубна адбіваецца на эканамічным развіцці рэгіёна.

Палітык заявіў пра зніжэнне тавараабароту ў транспартным сектары, а таксама рознічным і аптовым гандлі, асабліва тым, што быў арыентаваны на супрацу з Беларуссю.

Часлюкоўскі прапанаваў аднавіць рух праз пункт Кузніца, паколькі ў яго напрамку будуецца хуткасная аўтамагістраль.

19 красавіка міністр унутраных спраў і адміністрацыі Томаш Сямоняк заявіў, што пакуль Беларусь не зменіць сваю палітыку ў дачыненні да Польшчы, раней зачыненыя аўтамабільныя пункты пропуску на мяжы такімі і застануцца.

“Пакуль Беларусь будзе паводзіць сябе такім чынам у дачыненні да польскай дзяржавы, я не бачу магчымасці для якіх-небудзь змяненняў у гэтай галіне. Мы хацелі б, жадалі б, каб гэтыя пераходы былі адчыненыя, каб можна было функцыянаваць нармальна”, — падкрэсліў кіраўнік польскага ведамства.

Варшава, паводле яго слоў, “не можа мірыцца з дзеяннямі Беларусі”, напрыклад, з “выкарыстаннем мігрантаў на мяжы”. Ён нагадаў пра інцыдэнт, калі “чалавек у беларускай форме кідаў камяні ў польскіх службоўцаў і службовы аўтамабіль на мяжы”, а таксама пра палітвязня Пачобута.

Такім чынам, канстатаваў Сямоняк, “пакуль Беларусь не спыніць гібрыдную агрэсію на мяжы, якая негатыўна ўплывае на грамадскае і эканамічнае жыццё, змяненняў не будзе”.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

21 чэрвеня Міністэрства замежных спраў Польшчы пацвердзіла ў сваім камюніке, што ў ліку 14 вызваленых Мінскам палітзняволеных было трое суграмадзян. Выхад на волю гэтай групы вязняў стаў вынікам сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з амерыканскай перагаворнай групай на чале са спецпрадстаўніком ЗША па пытаннях Украіны Кітам Келагам.

Падзяліцца: