Мінск 16:14

Ніхто не заслугоўвае тых пакут, якія перажываюць палітвязні ў Беларусі — Ціханоўская

Ілюстрацыйнае фота: Ruben Christen / unsplash.com

26чэрвеня, Позірк. Аніводны чалавек не заслугоўвае тых пакут, якія перажываюць палітвязні ў беларускіх турмах, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 26 чэрвеня ў відэазвароце з нагоды Міжнароднага дня ў падтрымку ахвяр катаванняў.

Праз гісторыю свайго мужа Сяргея Ціханоўскага (вызвалены ў выніку дамоўленасцяў Мінска і Вашынгтона 21 чэрвеня пасля 5 гадоў зняволення) яна распавяла пра жудасныя ўмовы, у якіх утрымліваюцца палітвязні. Паводле слоў палітыка, ад былых палітвязняў яна ведае пра пазбаўленне ежы і сну ў месцах зняволення, доўгае знаходжанне ў перапоўненых камерах, поўную ізаляцыю, псіхалагічны ціск, пагрозы, запалохванне.

Ціханоўская адзначыла, што сама меней восем пазбаўленых волі цяпер знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі, што “з’яўляецца адным з многіх спосабаў псіхалагічнага гвалту, з якім сутыкаюцца палітвязні”. Дэмлідар назвала гэта недапушчальным.

“Сённяшні дзень — яшчэ адзін напамін, што палітвязні маюць патрэбу ў нашай падтрымцы і салідарнасці, — падкрэсліла яна. — Мы працягваем упарта працаваць са Злучанымі Штатамі і іншымі краінамі, каб людзі выходзілі на волю. Але кожны чалавек мае магчымасць рабіць крокі дзеля іх вызвалення. Калі гэта бяспечна для вас, дапамагайце фінансава, удзельнічайце ў акцыях, распавядайце міжнароднай супольнасці пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Працягвайце пісаць лісты, бо многім палітвязням іх перадаюць, і словы падтрымкі могуць стаць іх апорай”.

“Калі б мы здаліся, мой муж не быў бы сёння разам з дзецьмі. Ён — жывы доказ таго, што нашая праца не дарэмная і як ніколі патрэбная”, — дадала Ціханоўская.

Пра вызваленне 14 палітвязняў стала вядома неўзабаве пасля сустрэчы спецпрадстаўніка ЗША ў пытаннях Украіны Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам 21 чэрвеня.

Сярод вызваленых — муж Святланы Ціханоўскай відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, былы супрацоўнік “Радыё Свабода“ Ігар Карней, выкладчыца італьянскай мовы Наталля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і шведскага грамадзянства Галіна Краснянская, бізнесмен Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта” Кірыл Балахонаў.

Таксама вызваленыя Алан Ройё (грамадзянін Эстоніі), Юрыйс Ганінс і Дзмітрыйс Міхайлаўс (грамадзяне Латвіі). Акрамя гэтага, паводле звестак СМІ, на волю выйшаў Ежы Жывалеўскі (грамадзянін Польшчы).

Імёны яшчэ траіх афіцыйна не названыя, яны з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы (двое) і Японіі.

Падзяліцца: