У рэйтынгу свабоды слова Беларусь апярэджвае толькі Нікарагуа і Паўночную Карэю — справаздача Article 19

25 чэрвеня, Позірк. Па ўзроўні свабоды слова Беларусь займае 159-е месца ў свеце з 161, вынікае са штогадовай справаздачы праваабарончай арганізацыі Article 19.
Ніжэй у адпаведным рэйтынгу The Global Expression Report 2025 — Нікарагуа і Паўночная Карэя.
Расія ў рэйтынгу займае 151-е месца. Сярод краін-суседзяў Беларусі найлепшая пазіцыя ў Латвіі — 9-я. Літва размясцілася на 17-м месцы, Польшча — на 29-м, Україна — на 103-м.
Лепш за ўсё са свабодай слова, на думку праваабаронцаў, у Даніі, Швейцарыі і Швецыі, з краін былога СССР — у Эстоніі (4-е месца).
Пры падрыхтоўцы справаздачы эксперты Article 19 абапіраліся на 25 паказчыкаў, кожны з якіх ацэньваўся па шкале ад 0 да 100. Сярод паказчыкаў — свабода інтэрнэту ад цэнзуры, свабода ад пераследу за праяву палітычнай пазіцыі ў сацсетках, свабода ад дзяржаўнай цэнзуры, удзел грамадзянскай супольнасці ў палітычным жыцці, свабода журналістаў ад пераследу з боку ўладаў і ўплывовых недзяржаўных дзеячаў, адсутнасць палітычна матываваных забойстваў, свабода веравызнання, свабода ад забароны палітычных партый, свабода мірных сходаў і іншыя.
Агульны бал выводзіцца як сярэдняе арыфметычнае з 25 ацэнак. У Беларусі ён роўны 1, як і ў Нікарагуа і Эрытрэі. Паўночная Карэя атрымала 0, Данія, якая ўзначальвае рэйтынг, — 94.
У аналагічным рэйтынгу год таму Беларусь заняла 158-е месца, апярэдзіўшы, акрамя Нікарагуа і Паўночнай Карэі, Эрытрэю.
Article 19 — заснаваная ў 1987 годзе брытанская праваабарончая арганізацыя, дзейнасць якой накіраваная на абарону і садзейнічанне свабодзе выказвання меркаванняў і свабодзе інфармацыі. Арганізацыя атрымала сваю назву ў гонар 19-га артыкула Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, якая абвяшчае: “Кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на свабоднае выказванне іх; гэта права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананняў і свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў”.
У Сусветным індэксе свабоды прэсы 2025 года, які склала міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” у траўні, Беларусь заняла 166-е месца са 180 краін.


- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская абмеркавала вызваленне палітвязняў з кіраўніком МЗС Эстоніі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПаказчыкі Нацыянальнага індэкса правоў чалавека застаюцца “стабільна нізкімі” — БХКМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Навіны Германіі
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаУрач Салавей: Сістэма беларускіх турмаў не забяспечвае жанчынам нават мінімальнага ўзроўню абароны здароўяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаBEROC: Павышэнне Нацбанкам стаўкі рэфінансавання — моцна запозненая мера (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Навіны ГерманііУ 2024 годзе Беларусь заняла другое месца ў свеце па колькасці выдадзеных Германіяй пяцігадовых шэнгенскіх віз (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка