Мінск 00:36

Ціханоўская: Візіт Келага могуць успрыняць як легітымізацыю Лукашэнкі, але партнёры ведаюць, што ён служыць Пуціну

Святлана Ціханоўская
Фота: "Позірк"

25 чэрвеня, Позірк. Існуе рызыка, што візіт у Беларусь спецпрадстаўніка ЗША ў пытаннях Украіны Кіта Келага можа быць успрыняты як легітымізацыя рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў відэакаментары ўкраінскаму інфармагенцтву УНІАН.

Аднак, паводле яе слоў, партнёры разумеюць, што Лукашэнка не асобны гулец, служыць Пуціну і не падтрымліваецца беларусамі.

Ціханоўская падкрэсліла, што “прэзідэнт Трамп яшчэ ў 2020 годзе не прызнаў Лукашэнку як легітымнага прадстаўніка” і ЗША дзейнічаюць у рамках такога стаўлення да беларускага палітыка.

“Лукашэнка — вайсковы злачынец, ён здзяйсняў злачынствы супраць Беларусі, яго трэба прыцягваць да адказнасці. Аднак мы вітаем дыпламатычны падыход да вызвалення палітвязняў і далейшыя спробы гэта рабіць“, — сказала Ціханоўская.

Пра вызваленне 14 палітвязняў стала вядома неўзабаве пасля сустрэчы спецпрадстаўніка ЗША ў пытаннях Украіны Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам 21 чэрвеня.

Сярод вызваленых — муж Святланы Ціханоўскай відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, былы супрацоўнік “Радыё Свабода“ Ігар Карней, выкладчыца італьянскай мовы Наталля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і шведскага грамадзянства Галіна Краснянская, бізнесмен Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта” Кірыл Балахонаў.

Таксама вызваленыя Алан Ройё (грамадзянін Эстоніі), Юрыйс Ганінс і Дзмітрыйс Міхайлаўс (грамадзяне Латвіі). Акрамя гэтага, паводле звестак СМІ, на волю выйшаў Ежы Жывалеўскі (грамадзянін Польшчы).

Імёны яшчэ траіх афіцыйна не названыя, яны з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы (двое) і Японіі.

Падзяліцца: