Мінск 20:21

З 2022 года на Кубе зарэгістравана 52 беларускія прэпараты — Міністэрства аховы здароўя

25 чэрвеня, Позірк. На Кубе зарэгістравана 52 беларускія лекавыя прэпараты, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя са спасылкай на кіраўніка ведамства Аляксандра Хаджаева.

“Гэта досыць вялікі прагрэс”, — заявіў ён пулу дзяржаўных журналістаў у кулуарах беларуска-кубінскіх перамоваў 25 чэрвеня ў Мінску.

Паводле слоў міністра, на Кубе ёсць супрацьзапаленчыя прэпараты і антыбіётыкі вытворчасці Беларусі.

У 2024 годзе Беларусь пачала закупляць кубінскія медпрэпараты, “якія таксама сябе добра зарэкамендавалі“, сказаў Хаджаеў.

“Ёсць вялікі патэнцыял, які патрабуе практычнай рэалізацыі. Думаю, візіт кубінскай дэлегацыі на вышэйшым узроўні ў гэтай частцы будзе вельмі значным. Тэхналогіі, якія ў іх ёсць, нам вельмі цікавыя. І мы гатовыя іх пераймаць. У гэтай сувязі адзначу ў тым ліку кубінскія анкалагічныя прэпараты, вакцыны“, — сказаў міністр.

Упершыню беларускія лекі былі зарэгістраваныя на Кубе ў 2022 годзе, паведамляў холдынг “Белфармпрам“. Гаворка ішла аб джэнэрычных прэпаратах прадпрыемства “Мінскінтэркапс“ “Гинокапс“ (для мясцовага лячэння інфекцыйных захворванняў жаночай палавой сістэмы) і “Болеофф” (ібупрафен).

У кастрычніку 2022 года ў Беларусь была пастаўлена антыкавідная вакцына Soberana Plus, распрацаваная кубінскім Інстытутам вакцын Фінлі.

Кубінская вакцына супраць рака лёгкіх CIMAVAX-EGF атрымала медыцынскую рэгістрацыю ў Беларусі ў ліпені 2024 года.

На Кубе вакцына CIMAvax-EGF вырабляецца Цэнтрам малекулярнай імуналогіі, зарэгістраваная ў 2011 годзе.

У 2019 годзе беларускія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што гэты кубінскі цэнтр і прадпрыемства “Націвіта” (Бешанковіцкі раён, Віцебская вобласць) заключылі дагавор аб трансферы тэхналогіі вытворчасці поўнага цыкла і кантролю якасці згаданай вакцыны.

Праект не быў рэалізаваны. У расследаванні тэлеканала “Белсат” у 2020 годзе сцвярджалася, што “Натывіта” цягам некалькіх гадоў перапакоўвала на “Акадэмфарме” прэпараты расійскай кампаніі “Биокад” і прадавала іх у Беларусі па цэнах у некалькі разоў вышэйшых.

Падзяліцца: