Мінск 22:25

У Мінск прыбыў прэзідэнт Кубы

Прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канель
Крыніца: фэйсбук-акаўнт Мігеля Дыяса Канеля

25 чэрвеня, Позірк. З афіцыйным візітам у Мінск прыбыў першы сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кубы, прэзідэнт краіны Мігель Дыяс-Канель Бермудэс, паведамляе прэс-служба беларускага палітыка. 25 чэрвеня адбудуцца яго перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Кубінскі партал навінаў Cubadebate адзначае, што Дыяс-Канель возьме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета 27 чэрвеня ў беларускай сталіцы. Куба — краіна-назіральнік у ЕАЭС.

Выданне падкрэслівае, што гэта другі візіт лідара Кубы, першы адбыўся ў кастрычніку 2019 года.

Адзначаецца паслядоўная пазіцыя салідарнасці, якую Беларусь заняла “ў нязгодзе з эканамічнай, гандлёвай і фінансавай блакадай Кубы з боку ЗША”.

“Куба ў адпаведнасці з міжнародным правам паслядоўна адпрэчвае аднабаковыя меры і санкцыі, з якімі беларускаму народу даводзіцца сутыкацца на працягу многіх гадоў. Таму любы прагрэс у эканамічных і гандлёвых адносінах будзе спрыяць вырашэнню гэтай палітыкі і далейшаму развіццю нашых эканомік у неспрыяльных умовах, з якімі давялося сутыкнуцца абедзвюм краінам“, — цытуе выданне намесніка генеральнага дырэктара Галоўнага ўпраўлення двухбаковых адносін Міністэрства замежных спраў Кубы Алехандра Сіманкаса Марына.

У інтэрв’ю сайту прэзідэнта Кубы ён назваў асноўнымі напрамкамі ў беларуска-кубінскіх эканамічных адносінах біяфармацэвтыку і аграпрамысловы комплекс. У прыватнасці, ён адзначыў, што беларускія трактары працуюць на Кубе больш за 50 гадоў, у краіне рэалізуецца праект па іх зборцы.

Беларускі бок анансаваў разгляд падчас візіту пытанняў “глабальнага і рэгіянальнага парадку дня, узаемадзеяння дзвюх краін на шматбаковых пляцоўках”, наведванне Дыяс-Канелем прадпрыемстваў машынабудаўнічай і фармацэўтычнай галін, удзел у Еўразійскім эканамічным форуме (26 чэрвеня) і пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета (27 чэрвеня).

Куба — адна з бедных краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Пазіцыянуе сябе як сацыялістычная рэспубліка, адзіная партыя ў краіне — камуністычная, апазіцыя пераследуецца.

У траўні 2025 года ў Гаване адбылося чарговае пасяджэнне кубінска-беларускай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

“Пры эфектыўнай каардынацыі сумесных дзеянняў Беларусь і Куба змогуць у хуткім часе канвертаваць дасягнутую высокую дынаміку двухбаковых палітычных кантактаў у значныя праекты эканамічнага супрацоўніцтва ў прамысловай, харчовай, фармацэўтычнай, навукова-тэхнічнай і іншых перспектыўных галінах“, — заявіў Лукашэнка сёлета 20 красавіка, віншуючы прэзідэнта Кубы з 65-годдзем. “Усе ўмовы для гэтага створаныя”, — мяркуе аўтар паслання.

Лукашэнка назваў Беларусь “брацкай краінай“, на якую прэзідэнт Кубы можа “заўсёды разлічваць”. “Пад вашым мудрым кіраўніцтвам Куба працягвае ўмацоўваць свой аўтарытэт на міжнароднай арэне, цвёрда абараняць і адстойваць інтарэсы і законныя правы сваіх грамадзян. Ваш асабісты ўклад у гэты працэс цяжка пераацаніць“, — пахваліў Лукашэнка адрасата.

У сярэдзіне лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале быў апублікаваны пратакол да міжурадавага пагаднення ад 24 чэрвеня 2014 года з пералікам тавараў, якія Беларусь і Куба хацелі б пастаўляць адзін аднаму ў рамках “сустрэчнага гандлю“. Згодна з дакументам, для кожнага боку “пры ўзаемных пастаўках тавараў і паслуг вызначаецца ліміт у 15 млн долараў ЗША на пяцігадовы перыяд“.

Летась 17 ліпеня прэзідэнт Кубы на сустрэчы з Раманам Галоўчанкам, які тады ўзначальваў беларускі ўрад, асудзіў санкцыі ЗША супраць Беларусі і ўмяшанне ў яе справы.

Падзяліцца: