За карупцыю да крымінальнай адказнасці штогод прыцягваецца каля 850 службовых асоб — генпракурор Швед

24 чэрвеня, Позірк. Каля 850 службовых асоб штогод прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў, паведаміў генеральны пракурор Андрэй Швед 24 чэрвеня на рэспубліканскай нарадзе па пытаннях эфектыўнасці прыманых мер па барацьбе з карупцыяй.
Паводле слоў Шведа, якія прыводзіць прэс-служба нагляднага ведамства, “не адзінкавыя выпадкі ўчынення такіх злачынстваў асобамі, што займаюць адказнае становішча”.
Пры гэтым ён адзначыў, што цягам апошніх гадоў колькасць карупцыйных злачынстваў, што рэгіструюцца ў Беларусі “паступова зніжаецца”: з 1.603 у 2015 годзе да 1.031 у 2024-м.
Паводле паведамлення генпракурора, у структуры карупцыйнай злачыннасці пераважаюць хабарніцтва (48%) і крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (34%). Больш за 70% такіх злачынстваў учыненыя пры правядзенні закупак, выкананні дагавораў, наданні заступніцтва камерцыйным структурам, а таксама распараджэнні рэспубліканскай і камунальнай уласнасцю.
У паведамленні гаворыцца, што “нанесеная карупцыяй шкода перавысіла 163 млн рублёў”. Да якога перыяду адносяцца гэтыя даныя, не ўдакладняецца.
На нарадзе адзначана, што “пракуроры выяўляюць шматлікія парушэнні парадку правядзення працэдур закупак, прадухілення і ўрэгулявання канфлікту інтарэсаў, запатрабавання пісьмовых абавязацельстваў, дэкларавання, факты нерацыянальнага расходавання бюджэтных сродкаў, атрымання незаконных узнагарод, невыканання антыкарупцыйных абмежаванняў”.
Пры гэтым “кожнае пятае карупцыйнае злачынства ўчынена кіраўніком дзяржаўнага органа або іншай арганізацыі, абавязаным асабіста прымаць меры, накіраваныя на барацьбу з карупцыяй”.
Раней Генпракуратура паведамляла, што з 1.031 выяўленага ў 2024 годзе карупцыйнага злачынства на хабарніцтва прыпадала 45,1%, а на крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі — 32,8%.
Да крымінальнай адказнасці летась, як паведамлялася, было прыцягнута 911 асоб, з іх 14 “займалі адказнае становішча”. Найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў зафіксавана ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, будаўніцтве і гандлі.
У лютым прэс-служба Вярхоўнага суда паведаміла, што за ўчыненне карупцыйных злачынстваў у 2024 годзе было асуджана 709 чалавек — на 1,1% менш, чым у 2023 годзе (717).
Больш за ўсё асуджаных за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі паводле арт. 210 КК (324 чалавекі); за атрыманне хабару паводле арт. 430 (233); за перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў паводле ч. 2 і 3 арт. 426 (85); злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі паводле арт. 424 (30).
За дачу хабару паводле ч. 2 і 3 арт. 431 асуджана 25 чалавек; за злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады або бяздзейнасць улады паводле арт. 455 — 9; за бяздзейнасць службовай асобы паводле арт. 425 — адзін; пасрэдніцтва ў хабарніцтве паводле ч. 2 і 3 арт. 432 КК — два.
Да розных тэрмінаў пазбаўлення волі прыгаворана 240 (у 2023-м — 283) асуджаных, пазбаўленыя права займаць пэўную пасаду або займацца пэўнай дзейнасцю 18 чалавек у якасці асноўнай меры пакарання і 634 — у якасці дадатковай.
За ўчыненне карупцыйных злачынстваў 20 чалавек пазбаўлена воінскага або спецыяльнага звання.
Згодна з апублікаваным у лютым гэтага года “Індэксам ўспрымання карупцыі”, які штогод вылічваецца міжнароднай няўрадавай арганізацыяй Transparency International, у Беларусі сітуацыя з карупцыяй пагаршаецца чацвёрты год запар.
Індэкс вызначаецца на падставе ўспрымання ўзроўню карупцыі экспертамі і прадстаўнікамі бізнесу ў 180 краінах і тэрыторыях. Дзяржавам прысвойваюцца балы — ад 0 (сур’ёзная карупцыя) да 100 (поўная адсутнасць карупцыі).
Па выніках 2024 года Беларусь набрала 33 балы (у 2023-м — 37, у 2022-м — 39, у 2021-м — 41, у найлепшым для сябе 2020-м — 47) і падзяліла 114-е месца (годам раней — 98-е) з Босніяй і Герцагавінай, Лаосам, Манголіяй, Сьера-Леонэ, Панамай і Філіпінамі.
Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў сярэдзіне 1990-х гадоў шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За 30 гадоў карупцыю так і не была пераможаная.
У сваім выступленні пасля цырымоніі інаўгурацыі 25 сакавіка, заступаючы на сёмы тэрмін, Лукашэнка паабяцаў працягваць “бязлітасную барацьбу з бюракратызмам і карупцыяй”.
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ шклоўскай калоніі за год памірала да васьмі чалавек — расследаванне праваабаронцаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаДэфіцыт працоўнай сілы будзе тармазіць рост эканомікі Беларусі — ЕАБР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка