Колькасць увезеных у РФ з Беларусі аўтамабіляў скарацілася за год у тры разы

24 чэрвеня, Позірк. Са студзеня да траўня 2025 года з Беларусі ў Расію ўвезена 10,5 тыс. легкавых аўтамабіляў — амаль утрая менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (30,7 тыс.), паведамляе ў сваім тэлеграм-канале дырэктар спецыялізаванага агенцтва “Аўтастат” Сяргей Целікаў.
“Прыкладна 60% аўтамабіляў, увезеных з Беларусі (6,1 тыс.) — новыя. Астатні імпарт — з прабегам (старэйшыя за 3 гады). Па новых аўто скарачэнне аб’ёмаў увозу ўсяго на 19%, а вось з прабегам — у пяць разоў менш за леташні”, — адзначае эксперт.
Ён падкрэсліў, што “аўтамабілі “БелДжы”, сабраныя спецыяльна для расійскага рынку, у мытную статыстыку не трапляюць”.
“Топ-5 новых аўто, завезеных праз Беларусь, выглядае так: “БМВ” — 27%, “Мэрсэдэс-Бэнц” — 24%, “Таёта” — 10%, “Лексус” — 8%, “Паршэ” — 7%”, — звяртае ўвагу Целікаў.
Пералічыўшы ўвезеныя мадэлі згаданых марак, ён канстатуе іх прыналежнасць да прэміўм-класа і заключае: “Беларускі транзіт працуе ў асноўным на заможную публіку”.
“Па аўтамабілях з прабегам такі кірунак імпарту значна больш дэмакратычны. Нягледзячы на тое, што вязуць тыя ж “БМВ”, “Мэрсэдэс-Бэнц”, “Фольксваген”, “Аўдзі” і гэтак далей, мадэльны шэраг больш сціплы”, — паведамляе эксперт.
Паводле яго слоў, агулам у беларускім імпарце патрыманых аўто “прадстаўлена 60 марак і больш за 400 розных мадэляў”.
“Ёсць тут і люксавыя маркі: “Ферары” (23 шт.), “Ламбарджыні” (14), “Бэнтлі” (11), “Ролс-Ройсы” (9), “Макларэн” (5 шт.), “Мазераці” (4). А ёсць і цалкам дэмакратычныя: “Форд” (274), “Рэно” (142), “Пежо” (111), “Опель” (72), “Нісан” (33), “Фіят” (12), “Дачыя” (10)”, — адзначае Целікаў.
Улады Грузіі забаранілі з 15 траўня грамадзянам Беларусі і Расіі рээкспартаваць аўтамабілі і спецтэхніку праз тэрыторыю краіны. Змены закранаюць легкавыя аўтамабілі, бульдозеры, экскаватары, грэйдары, трактары.
Удакладняецца, што рээкспарт транспартных сродкаў у Беларусь і РФ быў забаронены і раней, аднак грамадзяне гэтых краін “маглі афармляць вываз аўтамабіляў з Грузіі ў трэція дзяржавы”. Цяпер такая магчымасць выключаная.
12 сакавіка паведамлялася пра затрыманне ў Германіі 46-гадовай грамадзянкі Беларусі, якую абвінавацілі ў парушэнні санкцый Еўрасаюза супраць Расіі.
Па месцы жыхарства жанчыны быў праведзены вобшук, канфіскаваныя чатыры дарагія аўтамабілі і два прычэпы-халадзільнікі, яшчэ адзін аўтамабіль арыштаваны як рэчавы доказ. Таксама былі забраныя дзелавыя дакументы і носьбіты інфармацыі.
Сцвярджалася, што з 5 красавіка 2022 года беларуска разам з двума саўдзельнікамі экспартавала ў Расію 186 дарагіх аўтамабіляў пад выглядам паставак у Беларусь, Кыргызстан, Таджыкістан і Узбекістан. Такім чынам працавала схема абыходу еўрапейскіх санкцый супраць РФ у дачыненні да прадметаў раскошы.
Паводле папярэдніх даных, затрыманая вывезла ў Расію 192 аўтамабілі агульным коштам 21 млн 413 тыс. 161,31 еўра.
Паводле даных кансалтынгавай кампаніі “АСМ-холдынг” (РФ), у красавіку 2025 года на расійскім рынку было рэалізавана 712 легкавых аўтамабіляў “Мэрсэдэс” (у мінулым годзе — 843; −15,5%), за студзень — красавік — 2.015 (2.580; −21,9%).
Раней “Позірк” паведамляў, што беларуска-кітайскі вытворца “БелДжы” (BelGee) у траўні 2025 года прадаў на расійскім рынку 3.632 новыя аўтамабілі — на 0,9% больш, чым годам раней (3.601). За пяць месяцаў гэтага года рэалізавана 13.786 аўтамабіляў беларуска-кітайскага брэнда (10.965; +25,7%).
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ шклоўскай калоніі за год памірала да васьмі чалавек — расследаванне праваабаронцаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаДэфіцыт працоўнай сілы будзе тармазіць рост эканомікі Беларусі — ЕАБР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаСмерць Вітольда Ашурка ў няволі — забойства, вынікае з расследавання праваабаронцаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка