Мінск 15:35

Вызвалення 14 палітвязняў недастаткова для адмены санкцый супраць Мінска — кіраўнік МЗС Літвы

Вызваленыя палітвязні Кірыл Балахонаў, Сяргей Шэлег, Наталля Дуліна і Ігар Карней на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе
Фота: “Позірк”

23 чэрвеня, Позірк. Выхад на волю 21 чэрвеня 14 палітвязняў не з’яўляецца падставай для адмены санкцый у дачыненні да Беларусі, заявіў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.

“Літва знаходзіцца ў рэжыме санкцый Еўрапейскага саюза, мы таксама ўвялі свае ўласныя меры, і на сённяшні дзень я не бачу падстаў нешта пераглядаць”, — цытуе LRT кіраўніка літоўскага МЗС.

Міністр адзначыў, што “калі памятаць пра прычыны, па якіх санкцыі былі ўведзеныя”, — сітуацыя з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі, а таксама падтрымка агрэсіі Расіі супраць Украіны, — “то гэта павінна быць не адно вызваленне ці два-тры вызваленні”.

“У нас ужо была серыя такіх вызваленняў, але павінны быць вызваленыя ўсе зняволеныя, неабходна спыніць пасадкі новых зняволеных у турмы, і тады мы зможам пра нешта казаць”, — падкрэсліў Будрыс.

Ён звярнуў увагу на адсутнасць сярод вызваленых грамадзян Літвы і ўладальнікаў літоўскага віду на жыхарства. Паводле слоў кіраўніка МЗС, Вільнюс разлічваў на вызваленне такіх людзей, асуджаных у Беларусі паводле палітычных матываў.

Яны “патрапілі ў бяду”, сказаў Будрыс, Літва “пакідае гэтую працу на будучыню”.

“Многія намаганні робяцца непублічна, і так, мы ўдзяляем шмат увагі і намаганняў таму, каб палегчыць жыццё людзям, якія знаходзяцца там, і каб яны як мага хутчэй вярнуліся дадому”, — дадаў ён.

Аб вызваленні 14 палітвязняў стала вядома неўзабаве пасля сустрэчы спецпрадстаўніка ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам.

Сярод вызваленых муж беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, экс-супрацоўнік “Радыё Свабода” Ігар Карней, выкладчыца Наталля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і шведскага грамадзянства Галіна Краснянская, бізнесмен Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта” Кірыл Балахонаў.

Таксама вызваленыя Алан Ройё (грамадзянін Эстоніі), Юрыйс Ганінс і Дзмітрыйс Міхайлаўс (абодва — грамадзяне Латвіі). Акрамя гэтага, паводле звестак СМІ, на волю выйшаў Ежы Жывалеўскі (грамадзянін Польшчы).

Імёны яшчэ траіх пакуль невядомыя, яны з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы (двое) і Японіі.

У чэрвені 2024 года Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Алену Раманаўскене — загадчыцу маркетынгавай службай размешчанага ў літоўскім Друскінінкаі санаторыя Belorus — да 6 гадоў пазбаўлення волі за “агентурную дзейнасць”. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Паводле версіі абвінавачвання, Раманаўскене, больш за 10 гадоў таму была завербаваная Дэпартаментам дзяржаўнай бяспекі Літвы.

Паводле звестак праваабаронцаў Раманаўскене з’яўляецца ўраджэнкай Беларусі, мае грамадзянства Літвы. Прызнаная палітзняволенай.

Падзяліцца: