Мінск 15:57

Падсанкцыйная прадукцыя “Гродна Азота” на дзясяткі мільёнаў долараў трапляе на Захад — БРЦ

23 чэрвеня, Позірк. “Гродна Азот” ужо чацвёрты год знаходзіцца пад санкцыямі Захаду, аднак яго прадукцыя працягвае туды трапляць. Толькі ў 2024 годзе ў Еўрасаюз вывезена 186 тыс. тон угнаенняў на 59 млн долараў, гаворыцца ў новым матэрыяле Беларускага расследавальніцкага цэнтра.

Спасылаючыся на “ўнутраную справаздачу“ канцэрна “Белнафтахім“, расследавальнікі сцвярджаюць, што прыбытак прадпрыемству прыносіць не экспарт у Расію і краіны “далёкай дугі”, а продажы на тэрыторыю, дзе яго прадукцыя афіцыйна забароненая.

За студзень — верасень 2024 года рэнтабельнасць паставак у ЕС склала 18%, чысты прыбытак — 8,1 млн долараў. “Гэта адзіны кірунак экспарту, які дае “Гродна Азоту” прыбытак на продажы ўгнаенняў”, — адзначае БРЦ.

У даведцы для Савета міністраў “Белнафтахім” адкрыта прызнаецца: “Для пераадолення санкцыйнага бар’ера было арганізавана наданне ў арэнду абсталявання асобных вузлоў устаноўкі па вытворчасці азотных угнаенняў, што дазваляе змяніць вытворцу ўгнаенняў і стварыць умовы па простых адгрузках прадукцыі ў краіны ЕС з мінімальнымі лагістычнымі выдаткамі”. У дакументах адрас сапраўднага вытворцы падмяняюць на юрыдычны адрас спецэкспарцёра.

Калі партыя тавару прыбывае на мяжу, еўрапейскія мытнікі не бачаць, што гэта прадукцыя падсанкцыйнага прадпрыемства. Паводле такой схемы, згодна з наяўнымі ў БРЦ дакументамі, у 2024 годзе амаль палова экспарту (200 тыс. т азотных угнаенняў амаль на 60 млн долараў) ішла ў ЕС.

БРЦ называе шэсць спецэкспарцёраў. Першы — ТАА “Новая біятэхналагічная кампанія” (дазвол выдадзены распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі).

Наступныя тры фірмы звязаныя з бізнэсмэнам Мікалаем Вераб’ём. Адна з іх — ТАА “МетаТрэйдынгПрам“. Яе заснавалі тры чалавекі: Алег Алёхін, які прадстаўляў “Гродна Азот” у 2021 і 2023 гадах на міжнародных выставах; былы выканаўчы дырэктар Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Андрэй Карповіч, а таксама Сяргей Пузевіч. На момант рэгістрацыі ён быў супрацоўнікам фірмы ТАА “Лагістык Энэрджы“ (другая з трох, возіць прадукцыю толькі ў краіны “далёкай дугі”). Яшчэ адна фірма — ТАА “НФТ“ (заснаваная Гродзенскім райвыканкамам праз дзве кампаніі-пракладкі, ЗАТ “ФДК“ і “Юлры”).

Другая група кампаній ускосна звязаная з былым асабістым трэнерам Лукашэнкі ў тэнісе, а цяпер адным з вядомых беларускіх бізнэсоўцаў, набліжаных да ўлады, Сяргеем Цяцерыным. На працягу доўгага часу яго партнёрам у розных праектах быў грамадзянін Арменіі Армен Аруцюнян (кіруе яшчэ адным спецэкспертэрам — ТАА “Тэхнаспецтрэйдынг“, які прадаваў у ЕС у 2023 і 2024 гадах прадукцыю “Гродна Азота” пад выглядам уласнай).

Паводле звестак Еўрастата, паставак азотных угнаенняў з Беларусі ў Латвію не было ўжо чатыры гады. На пачатку 2025-га яны аднавіліся. У накладных паперах станцыяй адпраўлення больш не ўпісваюць Аўльс — тэрмінал побач з “Гродна Азотам“. Зараз месцам загрузкі пазначаюць Брэст, Баранавічы, Матыкалы і Жабінку.

Схема, паводле якой пачаўся экспарт праз Латвію, трохі змянілася. Спецэкспарцёры, як і раней, бяруць прадукцыю на “Гродна Азоце”, але грузаадпраўшчыкам у Латвію выступаюць новыя беларускія фірмы, якія раней не былі заўважаныя ў экспарце забароненых тавараў.

Паводле дакументаў, вывучаных БРЦ, з пачатку гэтага года такім чынам у Латвію заехала як мінімум 278 вагонаў з угнаеннямі.

Расследавальнікі БРЦ знайшлі тры новыя беларускія кампаніі-пракладкі, якія ўдзельнічаюць у экспарце па новым кірунку. Усе тры звязаныя паміж сабой і ўскосна з Віктарам Шэйманам — найбліжэйшым паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі.

Першая кампанія — “Лесахімік”. У ёй працуюць або раней працавалі асобы, звязаныя з уласнікамі дзвюх іншых кампаній — “Беламікс“ і “Брэстзнештранс“, якія адпраўлялі падсанкцыйныя грузы.

“Тэхнаспецтрэйдынг” запэўніў латвійскіх кліентаў, што прадукцыя, якую ён ім пастаўляе, не падпадае пад санкцыі. Кампанія называе сябе незалежным вытворцам, які перапрацоўвае сыравіну з Туркменістана, набытую праз Казахстан. У пацверджанне яна прыкладала рахункі-пратаколы ўзаемадзеяння з туркменскімі і казахстанскімі кампаніямі.

Аднак іншыя дакументы, якія апынуліся ў БРЦ, сведчаць, што гэта ілжэгандаль з названымі краінамі.

Пра тых, хто зарабляе на продажы азотных угнаенняў у ЕС, БРЦ абяцае распавесці ў другой частцы расследавання.

Гл. таксама:

З 2022 года пастаўкі азотных угнаенняў з Беларусі ў Германію павялічыліся ў 120 разоў

Падзяліцца: