Мінск 03:14

Двое вызваленых палітвязняў — грамадзяне Латвіі Ганінс і Міхайлаўс

Рыга
Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

21 чэрвеня, Позірк. У ліку 14 палітвязняў, вызваленых 21 чэрвеня з месцаў несвабоды ў Беларусі, двое грамадзян Латвіі, вынікае з паведамлення латвійскага Міністэрства замежных спраў.

“Дзякуючы лідарству Злучаных Штатаў — прэзідэнта Дональда Трампа і спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША Кіта Келага — сёння былі вызваленыя 14 <…> грамадзян, зняволеных у Беларусі, у тым ліку два грамадзяніны Латвіі — Юрыйс Ганінс і Дзмітрыйс Міхайлаўс, — адзначыла знешнепалітычнае ведамства. — Мы ўсцешаныя, што сярод вызваленых апынуўся таксама Сяргей Ціханоўскі — муж беларускага апазіцыйнага лідара Святланы Ціханоўскай”.

“Рэжым [Аляксандра] Лукашэнка ўсё яшчэ ўтрымлівае больш за 1.000 палітвязняў і працягвае выкарыстоўваць мігрантаў як інструмент ціску на межах з Латвіяй, Літвой і Польшчай. Каб змяніць гэтую сітуацыю, міжнародны ціск на Беларусь мае працягвацца”, — падкрэсліў латвійскі МЗС.

Ганінс быў затрыманы 10 жніўня 2024 года, а 19 лютага 2025-га Мінскі гарадскі суд прыгаварыў яго да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі), арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса.

Міхайлаўс знаходзіўся ў няволі з 1 сакавіка 2022 года. Мінгарсуд 30 снежня таго ж года прыгаварыў яго да 4 гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму паводле згаданых арт. 361 і 369, а таксама арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і арт. 368 (абраза прэзідэнта).

На гэты момант вядома, што апрача Ганінса і Міхайлаўса вызваленыя таксама Алан Ройё (грамадзянін Эстоніі), Галіна Краснянская (грамадзянка Беларусі і Швецыі), трое грамадзян Польшчы, чые імёны пакуль не называюцца.

На волю таксама выйшлі згаданы Ціханоўскі, экс-супрацоўнік “Радыё Свабода” Ігар Карней, выкладчыца Натальля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, бізнесмен Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта” Кірыл Балахонаў.

Частка вызваленых знаходзіцца ў Вільнюсе.

Намеснік Келага Джон Коўл заявіў, што місію па вызваленні групы беларускіх палітвязняў “натхніў прэзідэнт [Дональд] Трамп”, падтрымку аказалі намеснік дзяржсакратара Крыс Лэндаў ды “іншыя прадстаўнікі адміністрацыі”.

Падзяліцца: