Мінск 02:29

Еўрапейскія палітыкі вітаюць вызваленне шэрагу беларускіх палітвязняў, але заклікаюць адпусціць усіх

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

21 чэрвеня, Позірк. Еўропа “працягвае заклікаць да неадкладнага вызвалення” ўсіх беларускіх палітвязняў, заявіла кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, каментуючы выхад з месцаў несвабоды 14 вязняў, у тым ліку мужа дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай відэаблогера Сяргея Ціханоўскага.

“Дарагая Святлана Ціханоўская, гэта цудоўная навіна і магутны сімвал надзеі для ўсіх палітвязняў, якія пакутуюць пад прыгнётам жорсткага рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі”, — напісала яна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас назвала вызваленне Ціханоўскага і яшчэ 13 палітычных палітвязняў “станоўчым крокам пасля працяглай несправядлівасці”. “Я вітаю ўдзел ЗША, які зрабіў гэта магчымым, і падзяляю радасць уз’яднаных сем’яў. Але ўсе палітычныя зняволеныя ў Беларусі павінны быць вызваленыя”, — падкрэсліла яна.

Прэм’ер-міністр Швецыі Ульф Крыстэрсан выказаў “вялікую падзяку прэзідэнту [ЗША Дональду] Трампу і яго прадстаўніку [па пытаннях Украіны Кіту] Келагу за перамовы, якія прывялі да вызвалення некалькіх палітзняволеных”, у ліку якіх “грамадзянка Швецыі Галіна Краснянская і муж Святланы Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі”. “Гэтае вызваленне падкрэслівае важнасць уцягнутасці ЗША ў нашым рэгіёне. Ціск на Беларусь мае працягвацца да тае пары, пакуль усе палітычныя вязні не будуць вызваленыя”, — заявіў кіраўнік шведскага ўрада.

Літоўскі міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс адзначыў, што вызваленыя беларускія палітвязні цяпер “у бяспецы ў Літве і атрымліваюць неабходную дапамогу”. “Роля ЗША ў іх вызваленні была ключавой. Але гэта яшчэ не канец. Больш за 1.000 закладнікаў усё яшчэ застаецца ў беларускіх турмах. Усе яны маюць быць неадкладна вызваленыя”, — запатрабаваў чыноўнік.

Яго нямецкі калега Ёхан Вадэфуль назваў вызваленне Ціханоўскага “надзвычай добрай навіной”. “У той жа час мы не забываемся на мноства іншых зняволеных у Беларусі. Лукашэнка павінен неадкладна іх вызваліць”, — заявіў ён.

Кіраўнік МЗС Нідэрландаў Каспар Вальдкамп таксама лічыць выхад Ціханоўскага на свабоду “выдатнай навіной”. “Доўгачаканы момант для Святланы і іх сям’і. Удзячны за магутную падтрымку з боку ЗША і іншых партнёраў. У Беларусі ўсё яшчэ застаецца больш за 1.000 палітвязняў. Мы павінны працягваць дамагацца іх вызвалення”, — напісаў кіраўнік нідэрландскай дыпламатыі.

Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ вітала вызваленне Ціханоўскага ды іншых людзей, якіх у Беларусі “несправядліва пазбавілі волі”. “Мы працягваем заклікаць да вызвалення ўсіх, хто застаецца за кратамі толькі за ажыццяўленне сваіх фундаментальных правоў на мірны пратэст і свабоду выказвання меркаванняў”, — падкрэсліў міжнародны інстытут.

Юлія Навальная, жонка памерлага ў калоніі (верагодна, забітага) расійскага апазіцыйнага лідара Аляксея Навальнага, выказала радасць ад таго, што “сёння стала на 14 палітвязняў менш”.

“Вялізная праца Святланы Ціханоўскай і яе каманды. Мае віншаванні ўсім сем’ям вызваленых палітвязняў. Святлану і Сяргея я хачу павіншаваць асобна. Гэта выдатная навіна”, — напісала яна.

14 палітвязняў вызвалілі 21 чэрвеня пасля сустрэчы ў Мінску спецпрадстаўніка ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келлага і Аляксандра Лукашэнкі.

Апрача Ціханоўскага на волю выйшлі экс-супрацоўнік “Радыё Свабода” Ігар Карней, выкладчыца Наталля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і шведскага грамадзянства Галіна Краснянская, бізнесмен Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта” Кірыл Балахонаў, грамадзянін Эстоніі Алан Ройё, а таксама трое грамадзян Польшчы ды іншыя, чые імёны пакуль не называюцца.

Частка вызваленых знаходзіцца ў Вільнюсе.

Намеснік Келага Джон Коўл заявіў, што місію па вызваленні групы беларускіх палітвязняў “натхніў прэзідэнт [Дональд] Трамп”, падтрымку аказалі намеснік дзяржсакратара Крыс Лэндаў ды “іншыя прадстаўнікі адміністрацыі”.

Келаг прыехаў — Ціханоўскі на волі. "Вялікая ўгода" паміж Лукашэнкам і ЗША працуе?

Многія меркавалі: калі Аляксандр Лукашэнка і вызваліць Сяргея Ціханоўскага, то ў ліку апошніх палітычных вязняў. Таму што мае да яго асаблівую нянавісць, пачуццё помсты. Але вось сёння той выйшаў на волю. І яшчэ 13 палітзэкаў. Калі трэба, Лукашэнка можа пераступаць …
Падзяліцца: