Мінск 19:13

Перад весткай пра візіт Келага ў Мінск Ціханоўская падзякавала партнёрам за намаганні па вызваленні палітвязняў

Акцыя да Міжнароднага дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі (Вільнюс, 18 траўня 2025 года)
Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

21 чэрвеня, Позірк. За некалькі гадзін да весткі пра тое, што ў Мінск на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам 21 чэрвеня прыбыў спецпрадстаўнік ЗША па пытаннях Украіны Кіт Келаг, беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская запатрабавала вызвалення ўсіх палітвязняў.

“Усе палітычныя зняволеныя павінны быць на волі, і мы будзем працягваць змагацца за кожнага з іх, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Мы ўдзячныя ўсім партнёрам і саюзнікам, якія працуюць над іх вызваленнем — як праз публічны ціск, так і праз непублічныя намаганні”.

На думку дэмлідара, поспех залежыць ад “скаардынаваных дзеянняў, паслядоўнасці і салідарнасці”.

Мяркуючы з кадраў, апублікаваных прэс-службай Лукашэнкі, на сустрэчы з Келагам сярод іншых прысутнічаў старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель. Гэта можа ўскосна сведчыць пра тое, што тэма палітвязняў на перамовах абмяркоўвалася.

У сустрэчы таксама ўдзельнічаў памочнік дзяржсакратара ЗША Крыстафер Сміт. У лютым ён павёз з Мінска трох палітвязняў — Андрэя Кузнечыка (супрацоўнік “Радыё Свабода”), Алену Маўшук і Мікалая Шугаева (мае ўкраінскае і амэрыканскае грамадзянства).

Паводле афіцыйнай інфармацыі, на сустрэчы прадстаўнікоў Мінска і Вашынгтона 21 чэрвеня абмяркоўвалася “міжнародная праблематыка і ў цэлым сітуацыя ў свеце, рэгіянальная тэматыка і беларуска-амерыканскія стасункі”.

Падзяліцца: