Мінск 14:50

Кіраўнік МЗС Іспаніі заклікаў працягваць ціск на Беларусь абмежавальнымі захадамі

Святлана Ціханоўская і Хасэ Мануэль Альбарас
Фота: МЗС Іспаніі

21 чэрвеня, Позірк. “Мы павінны працягваць ціск на Беларусь з дапамогай абмежавальных захадаў як адказ на ўнутраную сітуацыю і падтрымку рэжымам расійскай агрэсіі супраць Украіны”. Такую заяву зрабіў міністр замежных спраў Іспаніі Хасэ Мануэль Альбарас падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай, якая знаходзілася з візітам у гэтай краіне (19-20 чэрвеня).

Як адзначае прэс-служба МЗС, міністр нагадаў пра розныя санкцыйныя пакеты, якія раней ухваліў Еўрапейскі саюз.

Бакі абмеркавалі пытанні росту мілітарызацыі грамадскага жыцця і адукацыі ў Беларусі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

Кіраўнік іспанскага МЗС выказаў Ціханоўскай падтрымку ў адстойванні ёю дэмакратычных памкненняў, свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.

Былі разгледжаныя таксама становішча беларускай дыяспары ў Іспаніі і зроблены Мадрыдам у красавіку 2025 года добраахвотны ўнёсак (50 тыс. еўра) у Міжнародны гуманітарны фонд падтрымкі палітзняволеных Беларусі і іх сем’яў. “Гэтая дапамога будзе садзейнічаць наданню ўсебаковай гуманітарнай падтрымкі ахвярам рэпрэсій ў Беларусі, а таксама за мяжой”, — адзначае іспанскі МЗС.

Як паведаміў “Позірку” галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, бакі абмеркавалі пашырэнне рэпрэсій у Беларусі, мілітарызацыю беларускай эканомікі і запланаваныя на верасень у Беларусі ваенныя манёўры “Захад-2025” з удзелам расійскіх войскаў.

Паводле яго слоў, Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць далейшага ціску на рэжым дзеля вызвалення палітвязняў і вываду Беларусі з вайны Расіі супраць Украіны.

“У МЗС перададзеныя прапановы па спрашчэнні легалізацыі для беларусаў у Іспаніі, у тым ліку наконт прызнання пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў і выдачы спецыяльных дакументаў, што ўжо дзейнічаюць у шэрагу краін ЕС”, — адзначыў дарадца.

Таксама абмяркоўвалася адкрыццё місіі дэмакратычнай Беларусі ў Мадрыдзе, што “паспрыяе ўмацаванню супрацы паміж беларускай і іспанскай грамадзянскай супольнасцю”, паведаміў Вячорка.

“Хоць нас раздзяляе вялікая адлегласць, для Іспаніі пытанні правоў чалавека і дэмакратыі заўсёды былі прыярытэтнымі. Мы падзяляем адны каштоўнасці, і я радая, што ў Еўрапейскім саюзе ў нас ёсць такія надзейныя саюзнікі”, — заявіла Ціханоўская Альбарасу.

Падзяліцца: