Мінск 03:14

НАУ: Вызваленне палітзняволеных не “жэст добрай волі”, а абавязак рэжыму

Архіўнае фота: АПК

18 чэрвеня, Позірк. Вызваленне палітзняволеных пасля магчымага візіту ў Беларусь Спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келага і яго сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам будзе важным пазітыўным вынікам, але патрабуе дакладнай пазіцыі, адзначылі ў Народным антыкрызісным упраўленні.

У пазіцыі НАУ і яго кіраўніка Паўла Латушкі па гэтым пытанні, якую распаўсюдзіла прэс-служба арганізацыі, пры гэтым адзначаецца: “Вызваленне палітзняволеных — гэта не “жэст добрай волі”. Гэта абавязак рэжыму, які неправамерна пазбавіў волі тысячы людзей. Іх арышты і прысуды з’яўляюцца злачынствамі”.

Паводле НАУ, ціск, “які на дадзеным этапе павінен быць працягнуты і ўзмоцнены”, з’яўляецца асноўнай прычынай, па якой рэжым вызваляе людзей, “камунікацыя і дыпламатычныя высілкі для вызвалення людзей з турмаў безумоўна неабходныя, але ціск не павінен слабець без канкрэтных крокаў з яго боку”.

“Разам з тым, заклікаем нашых міжнародных партнёраў цвяроза ацэньваць ролю Аляксандра Лукашэнкі. Ён з’яўляецца суагрэсарам у вайне супраць Украіны, прадаставіўшы тэрыторыю Беларусі для нападу і працягваючы падтрымліваць расійскую агрэсію. Спробы Лукашэнкі пазіцыянаваць сябе як “пасярэдніка” не адпавядаюць рэчаіснасці”, — падкрэслілі ў арганізацыі.

Падкрэсліваецца, што “любыя кантакты прадстаўнікоў дэмакратычных краін з Лукашэнкам не могуць і не павінны азначаць прызнання яго легітымнасці”, бо ён утрымлівае ўладу “шляхам гвалту, фальсіфікацый і сістэматычных рэпрэсій”.

У выпадку, калі рэжым Лукашэнкі сапраўды шукае дыялогу з міжнароднымі партнёрамі, у НАУ лічаць, што “варта выстаўляць яму пэўныя прынцыповыя, базавыя ўмовы, выкананне якіх крытычна важна для вырашэння крызісу”.

Сярод іх неадкладнае спыненне ўсіх палітычных рэпрэсій, безумоўнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, дэкрыміналізацыя палітычнага і грамадскага жыцця ў краіне, адмена пераследу за грамадзянскую пазіцыю, спыненне транснацыянальных злачынстваў, у тым ліку пераследу беларусаў за мяжой, гатоўнасць да дыялогу з дэмакратычнай большасцю беларускага грамадства.

“Мы перакананыя, што адзіны канструктыўны шлях да выхаду з глыбокага крызісу ў Беларусі — гэта пачатак дыялогу. Пры гэтым мы разумеем, што рэжым можа адмовіцца ад дыялогу, называючы нас “экстрэмістамі” або “тэрарыстамі”, — гаворыцца ў рэлізе.

У НАУ лічаць, што гэтая пазіцыя неканструктыўная і неадэкватная, “бо яна ніколі не прывядзе да вырашэння крызісу”. 

Дэмакратычныя сілы Беларусі, паводле НАУ, “валодаюць знешнепалітычнай легітымнасцю і прызнанай прадстаўнічай роляй у прадстаўленні інтарэсаў дэмакратычна настроенай часткі грамадства”, валодаюць суб’ектнасцю, ад якой не адмовяцца.

“У гэтым кантэксце пасярэдніцкая і фасілітуючая роля нашых міжнародных партнёраў мае важнае значэнне. Бо калі нашы базавыя ўмовы зразумелыя, то ўмовы рэжыму не вербалізаваныя. Таму мы лічым важным і будзем вітаць удзел пасярэднікаў, каб гэтыя ўмовы былі агучаныя і такім чынам была закладзена аснова для магчымага дыялогу”, — канстатавалі ў НАУ.

Пра тое, што Келаг “найбліжэйшымі днямі накіруецца” ў Беларусь на сустрэчу з Лукашэнкам 18 чэрвеня паведаміла міжнароднае інфармагенцтва Reuters са спасылкай на ўласныя крыніцы. Дакладны парадак сустрэчы пакуль незразумелы, хоць Келаг, паводле інфармацыі крыніц, у прыватным парадку ахарактарызаваў паездку як “крок, які можа дапамагчы распачаць мірныя перамовы, скіраваныя на спыненне вайны Расіі супраць Украіны”.

Дзярждэпартамент і амбасада Беларусі інфармацыю, што з’явілася, пакуль не каментавалі.

Разам з тым, адзначае Reuters, планаванне такіх паездак “патрабуе дбайных перамоў”, таму “не выключана, што паездка можа быць скасаваная або змененая ў апошні момант”.

Раней Латушка пракаментаваў магчымы візіт прадстаўніка Вашынгтона ў сацсетках. “Толькі пасля таго, як дыктатар вызваліць больш за 1.188 палітвязняў (паводле даных праваабарончага цэнтра “Вясна”), спыніць штодзённыя рэпрэсіі, распачне канкрэтныя крокі па дэкрыміналізацыі грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі, спыніць трансгранічны пераслед беларусаў і распачне дыялог з дэмакратычнай большасцю”, — заявіў ён.

Падзяліцца: