Мінск 21:32

АПК і МЗС Францыі дамовіліся аб кансультацыях па прыцягненніі да адказнасці вінаватых у трансгранічных злачынствах

18 чэрвеня, Позірк. Дамоўленасць аб правядзенні кансультацый “па пытаннях выкарыстання міжнародных механізмаў для прыцягнення вінаватых у здзяйсненні трансгранічных злачынстваў” дасягнулі падчас сустрэчы ў Варшаве намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка і намесніца кіраўніка дэпартамента па пытаннях Усходняй Еўропы і Расіі ў Міністэрстве Еўропы і замежных спраў Францыі Элізабэт Бэрэндс.

Сустрэча, паводле інфармацыі прэс-службы АПК, была ініцыявана Парыжам. Падчас яе абмеркавана падтрымка беларускіх дэмакратычных інстытутаў і сілаў, незалежных СМІ і блогераў, “далейшая стратэгія санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, дзеянні, накіраваныя на вызваленне палітычных зняволеных у Беларусі і супрацоўніцтва дэмакратычных сіл Беларусі і Францыі ў межах АБСЕ”.

Бэрэндс, як паведамляецца, падкрэсліла, што з боку Францыі дэмакратычныя сілы Беларусі маюць “поўную палітычную падтрымку”. Таксама выказана палітычная падтрымка ініцыятывам, скіраваным на прыцягненне прадстаўнікоў мінскага рэжыму да адказнасці за злачынствы супраць беларускага народа. 

Латушка праінфармаваў аб дзейнасці Каардынацыйнай рады, аб узмацненні ціску з боку беларускіх спецслужбаў на актывістаў дэмакратычных сілаў. Асобна “была закранута праца дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы”.

Французскі бок “адзначыў важнасць рэгулярных кантактаў”.

Латушка таксама сустрэўся з генеральным прадстаўніком Фландрыі ў Польшчы і краінах Балтыі Матыясам дэ Мурам, які, паводле прэс-службы АПК, паведаміў, што ўдады регіёна “ўважліва сочаць за сітуацыяй з палітвязнямі ў Беларусі, а таксама за агульнай палітычнай сітуацыяй і дзейнасцю дэмакратычных сіл”.

Матыяс дэ Мур “падкрэсліў гатоўнасць Фландрыі і надалей аказваць дапамогу дэмакратычным сілам Беларусі”.

29 кастрычніка 2024 года ў прынятым урадам узгаданага рэгіёна Бельгіі кааліцыйным пагадненні сярод прыярытэтаў пазначана падтрымка дэмакратычных сіл Беларусі. У снежні Фландрыя выдзеліла 100 тыс. еўра на падтрымку беларускіх журналістаў у выгнанні.

Падзяліцца: