Мінск 14:16

Спецпрадстаўнік ЗША па Украіне Келаг сустрэнецца з Лукашэнкам — Reuters

Кіт Келлаг
Архіўнае відэа: ABC News / стоп-кадр: "Позірк"

18 чэрвеня, Позірк. Спецыяльны прадстаўнік ЗША па пытаннях Украіны Кіт Келаг сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, піша міжнароднае інфармагенцтва Reuters.

Чатыры дасведчаныя крыніцы агенцтва паведамілі, што амерыканскі чыноўнік у “бліжэйшыя дні накіруецца ў Беларусь”, паколькі “перамовы пра спыненне агню паміж Украінай і Расіяй застаюцца ў тупіку”.

Дакладны парадак сустрэчы, як адзначаецца, пакуль незразумелы, хоць Келаг, паводле інфармацыі дзвюх крыніц, у прыватным парадку ахарактарызаваў паездку як “крок, які можа дапамагчы распачаць мірныя перамовы, скіраваныя на спыненне вайны Расіі супраць Украіны”.

Дзярждэпартамент і амбасада Беларусі інфармацыю, што з’явілася, пакуль не каментавалі.

Разам з тым, адзначае Reuters, планаванне такіх паездак “патрабуе дбайных перамоў”, таму “не выключана, што паездка можа быць скасаваная або змененая ў апошні момант”.

У 2020 годзе, падчас першага прэзідэнцкага тэрміна Дональда Трампа, Беларусь наведаў дзяржаўны сакратар Майк Пампеа. Паездка была часткай “кампаніі па паляпшэнні стасункаў з Беларуссю”, калі стасункі паміж Мінскам і Масквой “знаходзіліся на нізкім узроўні”.

Цяпер новая адміністрацыя Трампа “аднавіла намаганні па ўсталяванні працоўных стасункаў з Беларуссю”.

Адзін з амерыканскіх чыноўнікаў паведаміў Reuters, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША “абмяркоўвала ўнутры краіны спосабы вываду Мінска са сферы ўплыву Масквы і далучэння яго да арбіты Вашынгтона, хоць бы ў нязначнай ступені”.

У лютым намеснік памочніка дзяржсакратара Крыстафер Сміт разам з двума іншымі чыноўнікамі Дзярждэпартамента прыязджаў у Беларусь, каб забраць трох палітычных зняволеных, паведамляла ў той час The New York Times. Сміт у прыватным парадку апісваў паездку як першы крок патэнцыйнай здзелкі, якая прывядзе да вызвалення дзясяткаў палітвязняў у абмен на змякчэнне санкцый ЗША.

Разам з тым, як адзначаецца, заходнія дыпламаты “скептычна ставяцца да спроб ЗША гуляць з Беларуссю”, якая “захоўвае трывалыя повязі і глыбокія эканамічныя сувязі” з РФ.

24 лютага 2022 года Расія пры непасрэднай падтрымцы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі напала на Украіну.

21 ліпеня таго ж года Лукашэнка заявіў у інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс”, што з Беларусі ва Украіну была ўведзена 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пасля паўночныя тэрыторыі былі вызваленыя.

Трамп на чарговы год (пачынаючы з 16 чэрвеня) падоўжыў дзеянне нацыянальнага рэжыму надзвычайнай сітуацыі (НС) у дачыненні да Беларусі, вынікае з дакумента, апублікаванага Федэральным рэестрам ЗША.

Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі называў немагчымым правядзенне перагавораў з Расіяй у Беларусі, паколькі Беларусь для Украіны — “краіна, з якой паляцелі ракеты”, “заходзілі войскі”, адпаведна, яна з’яўляецца саюзнікам РФ, якая напала на Украіну.

Лукашэнка і прадстаўнікі яго рэжыму неаднаразова заяўлялі, што могуць прыняць у сябе перагаворныя дэлегацыі Украіны і РФ. Пры гэтым сваю ролю яны ацэньваюць супярэчліва, то выказваючы гатоўнасць стаць пасярэднікам, то катэгарычна ад гэтага адмаўляючыся.

Падзяліцца: