Мінск 19:21

Медыяменаджар Дзікавіцкі ініцыюе стварэнне ў Польшчы арганізацыі беларускай дыяспары

Аляксей Дзікавіцкі
Крыніца: "Наша Ніва"

17 чэрвеня, Позірк. Далучыцца да ініцыятыўнай групы па стварэнні арганізацыі беларускай дыяспары ў Польшчы заклікаў 17 чэрвеня на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” журналіст, кіраўнік медыяпраекта Belarus Tomorrow Аляксей Дзікавіцкі.

Запрашэнне тычыцца “ініцыятыўных, працавітых, адказных і незаангажаваных у кіраванне палітычнымі структурамі землякоў”, якім Дзікавіцкі прапануе аб’яднацца “дзеля лабіравання інтарэсаў дыяспары ў краіне”.

“Гаворка пакуль пра Польшчу, бо асабіста я даўно тут жыву і добра яе ведаю, але адначасова варта падумаць пра такія ж ініцыятывы і ў іншых дзяржавах, дзе багата беларусаў, каб потым, быць можа, выйсці і на агульнаеўрапейскі ўзровень”, — напісаў ён.

“Калі [беларусы] — лаяльныя жыхары/грамадзяне гэтай краіны, якія шануюць яе законы і плацяць тут падаткі, дык маем таксама ўсе магчымасці захоўваць і развіваць сваю самабытнасць, будаваць адпаведныя структуры дыяспары, у тым ліку ўстановы культуры, адукацыі, самадапамогі, спрыяння бізнэсу і г.д.”, — дадаў ён.

Рабіць гэта Дзікавіцкі прапануе “ў супрацы паміж сабой і з адпаведнымі органамі дзяржавы так, каб ад гэтага была выразная карысць і дзяржаве, і дыяспары”.

На яго думку, “неабходна гаварыць адным голасам, праз сваё прадстаўніцтва з моцным мандатам, які шляхам рэгулярных і празрыстых выбараў, будзе надавацца дыяспарай аўтарытэтным сваім прадстаўнікам, якія добра ведаюць патрэбы беларускай грамады ў краіне пражывання і саму краіну, яе мову і прынцыпы функцыянавання”.

“Толькі ў Польшчу цягам апошніх гадоў выехалі некалькі сотняў тысячаў беларусаў, а ў нас тут поўнавартаснай школы нават няма, не кажучы ўжо пра іншыя гэтак званыя сацыяльныя інстытуты, якія б існавалі стабільна, без вечна выцягнутай па гранты рукі — ну як так?”, — задаўся пытаннем ініцыятар.

Паводле яго, “ініцыятыўная група мае раіцца з дасведчанымі і зацікаўленымі людзьмі, у тым ліку з Беларусамі Беласточчыны, вызначыць парадак працы па арганізацыі дыяспары, давесці да правядзення адкрытага сходу, у часе якога будуць вызначэныя прырытэтныя накірункі дзейнасці, праведзеныя выбары [кіраўніцтва] і г.д.” (арфаграфія захавана).

Дзікавіцкі быў намеснікам дырэктара тэлеканала “Белсат”, калі яго ўзначальвала Агнешка Рамашэўска-Гузы, пасля яе звальнення — з сакавіка мінулага года — выконваў абавязкі кіраўніка. Летась у лістападзе датэрмінова пакінуў пасаду.

На беларускіх палітычных мерапрыемствах у Польшчы апошнім часам выступае як прадстаўнік Рады БНР.

Паводле даных Упраўлення па справах замежнікаў, у Польшчы сёлета на ​​канец лютага пражывала 143,1 тыс. грамадзян Беларусі з дакументамі, якія тым ці іншым чынам легалізуюць іх знаходжанне ў краіне.

Беларусам трэба стаць актарамі на палітычнай сцэне Польшчы, лічыць прадстаўнік "народнай амбасады"

5 жніўня, Позірк. Наспеў час, каб беларусы сталі актарамі ва ўнутранай палітыцы Польшчы, такое меркаванне выказаў прадстаўнік "народнай амбасады" ў гэтай краіне, кіраўнік Беларускага моладзевага хабу Алесь Лапко 5 жніўня ў Вільнюсе на дадатковым мерапрыемстве канферэнцыі "Новая Беларусь". Паводле яго слоў, у …
Падзяліцца: