У МЗС Беларусі “глыбока занепакоеныя” новым вітком эскалацыі паміж Ізраілем і Іранам

13 чэрвеня, Позірк. Глыбокую занепакоенасць у сувязі з “новым вітком ваеннай эскалацыі паміж Ізраілем і Іранам і паведамленнямі пра гібель мірных грамадзян, у тым ліку дзяцей”, выказала 13 чэрвеня Міністэрства замежных спраў Беларусі.
У ведамстве лічаць, што “сілавы сцэнарый канфлікту прадстаўляе сур’ёзную пагрозу для рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі, нясе ў сабе рызыку гуманітарнай катастрофы і можа мець непрадказальныя глабальныя наступствы”.
У сувязі з гэтым Мінск заклікаў “усе ўцягнутыя бакі да стрыманасці, адказнасці і недапушчэння дзеянняў, якія могуць негатыўна паўплываць на палітыка-дыпламатычныя намаганні міжнароднай супольнасці, скіраваныя на комплекснае ўрэгуляванне сітуацыі на Блізкім Усходзе”.
“Настойліва рэкамендуем грамадзянам Беларусі ўлічваць сітуацыю, якая складваецца, старанна ўзважваць неабходнасць паездак у краіны, што ўваходзяць у зону канфлікту, пры планаванні такіх паездак адсочваць афіцыйныя апавяшчэнні авіяцыйных уладаў пра магчымае ўвядзенне абмежаванняў на выкарыстанне паветранай прасторы шэрагу краін, а таксама пра прыпыненне працы аэрапортаў”, — гаворыцца ў заяве.
“Грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца ў рэгіёне, заклікаем строга выконваць меры бяспекі і кіравацца рэкамендацыямі ўладаў краіны знаходжання”, — дадало знешнепалітычнае ведамства.
Раней амбасада Беларусі ў Тэль-Авіве заклікала суграмадзян не планаваць паездкі ў Ізраіль у сувязі з абвешчаным у краіне надзвычайным становішчам і “меркаваным ажыццяўленнем у найбліжэйшы час ваенна-паветраных атак па тэрыторыі Ізраіля”.
У паведамленні на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” беларуская замежная ўстанова звярнула ўвагу на тое, што паветраная прастора Ізраіля і міжнародны аэрапорт Бэн-Гурыён закрыты.
“Беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца цяпер на тэрыторыі Ізраіля, неабходна выконваць рэкамендацыі мясцовых уладаў і прытрымлівацца правілаў асабістай бяспекі, у тым ліку знаходзіцца побач з бамбасховішчамі, устрымлівацца ад перамяшчэнняў”, — папярэдзіла амбасада, адзначыўшы, што яна “цалкам функцыянальная і працуе ў штатным рэжыме”.
У ноч на 13 чэрвеня сілы ВПС Ізраіля напалі на мноства аб’ектаў на тэрыторыі Ірана — для нанясення крытычнай шкоды ядзернаму і ракетнаму патэнцыялу краіны. Былі атакаваныя ядзерныя аб’екты, ракетныя базы, авіябазы, сістэмы супрацьпаветранай абароны, камандныя пункты, а таксама нанесеныя кропкавыя ўдары па вайсковым кіраўніцтве і асобах, якія маюць дачыненне да развіцця іранскай ядзернай праграмы.
У адказ Іран запусціў у бок Ізраіля беспілотныя лятучыя апараты. Згодна з паведамленнямі ізраільскіх СМІ, усе яны ўжо перахопленыя.
СМІ Азербайджана паведамляюць, што на фоне абмежаванняў, уведзеных у паветранай прасторы Ірана, Ірака і Ізраіля, у міжнародны аэрапорт Гейдар Аліеў паступілі запыты ад шэрагу авіякампаній “з мэтай гарантавання бяспечнага працягу палётаў”. Сярод іншых у гэтым аэрапорце здзейсніў пасадку самалёт, які накіроўваўся з Мінска ў Дубай.

- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 13 чэрвеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- ЭканомікаЧыстыя замежныя актывы Нацбанка выраслі ад пачатку года на 2,3%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка