Мінск 05:22

Абавязак навучацца ў Беларусі на беларускіх дзяцей, што выехалі за мяжу, не распаўсюджваецца — Мінадукацыі

Ілюстрацыйнае фота: sb.by

13 чэрвеня, Позірк. Абавязак атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў школах, гімназіях ліцэях Беларусі не распаўсюджваецца на тых дзяцей, што зарэгістраваныя ў краіне, але выехалі “на часовае пражыванне ў іншую дзяржаву”, вынікае з каментарыю Міністэрства адукацыі наконт новаўвядзенняў Кодэкса аб адукацыі, якія набудуць моц 1 верасня.

“Бацькам тых будучых першакласнікаў, што зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь, але пражываюць па-за яе межамі, прадастаўляць у школу пацвярджальныя дакументы не трэба”, — растлумачыла прэс-служба ведамства.

У міністэрстве падкрэслілі, што надыходзячы з новага навучальнага года абавязак бацькоў дзяцей, што жывуць у Беларусі, забяспечыць атрыманне імі сярэдняй адукацыі ў беларускіх установах скіраваны на тое, каб выключыць “навучанне ў дыстанцыйнай форме ва ўстановах адукацыі іншых дзяржаў”.

Ведамства падкрэсліла, што ў краіне “анлайн (дыстанцыйнае) навучанне на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі не прадугледжанае”, а пры яго атрыманні ў іншых дзяржавах “навучэнцы не вывучаюць абавязковыя для вывучэння ў Рэспубліцы Беларусь вучэбныя прадметы “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”, “Гісторыя Беларусі”, “Геаграфія Беларусі”.

Член пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Сяргей Клішэвіч, каменіуючы будучыя змяненні Кодэкса аб адукацыі, адзначаў, што ў “школе сумесна з засваеннем зместу навучальных праграм праводзіцца выхаваўчая праца, у аснову якой закладзены ідэалагічны і патрыятычны складальнік, традыцыі і культура беларускай дзяржавы”.

“Таму для навучэнцаў на тэрыторыі Беларусі абавязковыя для вывучэння такія вучэбныя прадметы, як “Гісторыя Беларусі”, “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”, раздзел “Геаграфія. Беларусь” — дыстанцыйныя школы ў іншых дзяржавах не выкладаюць такія прадметы”, — адзначаў ён.

Папраўкі ў Кодэкс аб адукацыі сярод іншага пашыраюць магчымасці арганізацыі бясплатнага падвозу дзяцей, уводзяць магчымасць вызвалення 11-класнікаў ад цэнтралізаванага экзамену (на падставе медыцынскіх паказанняў), замацоўваюць патрабаванне да школьнікаў насіць адзенне дзелавога стылю, афіцыйна замацоўваюць за прыёмнымі бацькамі і бацькамі-выхавальнікамі статус педагагічных работнікаў ды інш.

Падзяліцца: