Мінск 18:26

Працягваецца збор сродкаў на арганізацыю пахавання ў Беларусі былога палітвязня Аляксандра Класкоўскага-малодшага

Фота: "Радыё Свабода"

12 чэрвеня, Позірк. На партале Фонду салідарнасці BySol працягваецца збор сродкаў на арганізацыю пахавання былога палітвязня Аляксандра Класкоўскага-малодшага.

Сродкі патрэбныя, каб “пакрыць выдаткі на рэпатрыяцыю цела ў Беларусь і іншыя выдаткі, звязаныя з пахаваннем”.

Заяўленая сума — 5.000 еўра, 4.000 еўра неабходна для транспарціроўкі цела з ЗША ў Польшчу і затым у Беларусь. Пакуль сабрана менш за траціну запытанай сумы.

Пра смерць у ЗША 46-гадовага экс-палітвязня стала вядома 5 чэрвеня, пра гэта паведаміла ў “Фэйсбуку“ ягоная сястра, таксама былая палітзняволеная Вольга Класкоўская.

Класкоўскі-малодшы — сын палітычнага аналітыка інфармацыйнага агенцтва “Позірк” Аляксандра Класкоўскага. 19 снежня 2010 года ў Мінску ўдзельнічаў у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў на карысць Аляксандра Лукашэнкі. На акцыю выйшаў у міліцэйскай форме, якую захаваў пасля звальнення з сістэмы МУС. Быў збіты, 21 снежня затрыманы ў сваёй кватэры, 26 траўня 2011 года асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі. Вызвалены па памілаванні, пры гэтым адпаведнае прашэнне ён не пісаў.

Падзяліцца: