Мінск 21:45

Вайна стала выгодай для Лукашэнкі — Ціханоўская

Пятая сустрэча кансультатыўнай групы "Беларусь — ЕС"
Крыніца: тэлеграм-канал АПК

11 чэрвеня, Позірк. Развязаная ў лютым 2022 года расійская агрэсія супраць Украіны “стала выгодай для [Аляксандра] Лукашэнкі”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на прысвечанай палітычнай сітуацыі ў Беларусі панэлі ў рамках пятай сустрэчы кансультатыўнай групы “Беларусь — ЕС” 11 чэрвеня ў Брусэлі.

“Прынамсі 287 дзяржаўных прадпрыемстваў пастаўляюць тавары для расійскай арміі, — цытуе палітыка прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета, які яна ўзначальвае. — Рэжым прапануе тэрыторыю і інфраструктуру для расійскіх дронаў у абмен на падтрымку [прэзідэнта РФ Уладзіміра] Пуціна”.

Дэмлідар таксама заявіла, што рэжым Лукашэнкі “здабывае выгаду з шчылін у санкцыях, рээкспартуючы забароненыя тавары ў Расію і прадаючы калій праз расійскія марскія парты”. Гэтыя “ваенныя даходы”, паводле яе слоў, “дапамаглі стабілізаваць эканоміку і падвысіць ВУП”. “Мінск пашырае сувязі з Кітаем, Іранам, Кубай і Паўночнай Карэяй, імкнучыся не толькі да рэсурсаў, але і да міжнароднай легітымнасці”, — сказала палітык.

Звярнуўшы ўвагу на сітуацыю ў краіне, яна падкрэсліла, што “зараз назіраюцца больш вытанчаныя формы рэпрэсій, скіраваныя супраць усіх слаёў грамадства”. Рэжым Лукашэнкі, сказала яна, перайшоў “ад аўтарытарызму да таталітарызму”, прыкрываючыся вайной і “ўнутранымі ворагамі”.

Ціханоўская таксама выступіла на адкрыцці самога пасяджэння, дзе падкрэсліла важнасць супрацы. “Еўрапейскіаюз не проста наш саюзнік. Ён мэта для дэмакратычнай Беларусі. І я веру, што мы яе дасягнём”, — заявіла дэмлідар.

Пра тое, што Ціханоўская наведае Брусель 11–12 чэрвеня, паведамлялася 6 чэрвеня. Апрача ўдзелу ў пасяджэнні кансультатыўнай групы палітык сустрэнецца з прадстаўнікамі ЕС, дыпламатамі і спецыяльнымі пасланнікамі асобных краін, каб “абмеркаваць далейшыя міжнародныя дзеянні ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі”.

Таксама палітык выступіць на штогадовым Брусельскім форуме.

Сёлета сустрэчы Ціханоўскай у Брусэлі, паводле інфармацыі яе прэс-службы, сканцэнтраваныя на палітычнай сітуацыі ў Беларусі і рэгіянальнай бяспецы, візавай мабільнасці беларусаў у ЕС, стане незалежных медыя і супрацьдзеянні прапагандзе, падтрымцы дэмсіл і грамадзянскай супольнасці.

Апошні раз дэмлідар наведвала сталіцу Бельгіі і адзін з ключавых цэнтраў Еўрасаюза 18 сакавіка. Тады яна ўзяла ўдзел у сустрэчы міністраў краін — членаў саюза па знешняй палітыцы, дзе абмяркоўвалася стратэгія ЕС у дачыненні да Беларусі, у тым ліку санкцыі і непрызнанне прэзідэнцкіх выбараў 26 студзеня.

Першая і другая сустрэчы кансультатыўнай групы “Беларусь — ЕС” адбыліся ў чэрвені і снежні 2023 года адпаведна, трэцяя і чацвёртая — у чэрвені і снежні 2024-га.

10 чэрвеня вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас заявіла, што ў спіс арганізацый, на якія ў Еўрасаюзе накладваюцца больш строгія абмежаванні ў дачыненні да тавараў двайнога прызначэння, у бліжэйшы час могуць быць дададзеныя 22 новыя кампаніі — у тым ліку з Кітая і Беларусі. Яны, як мяркуецца, будуць уключаныя ў 18-ы пакет санкцый ЕС у дачыненні Расіі за агрэсію супраць Украіны.

20 траўня стала вядома, што ў 17-ы — апошні на гэты момант — пакет санкцый ЕС быў уключаны Мінскі завод колавых цягачоў. У 16-ы пакет, прыняцце якога было прымеркаванае да трэцяй гадавіны расійскай ваеннай агрэсіі ва Украіне, трапіла беларускае ААТ “Інтэграл”. У папярэднія пакеты санкцый уносіліся іншыя беларускія прадпрыемствы, якія тым ці іншым чынам садзейнічаюць расійскай агрэсіі, распачатай 24 лютага 2022 года пры падтрымцы афіцыйнага Мінска.

Падзяліцца: