Прэзідэнт Ірана Пезешкіян наведае Беларусь напрыканцы чэрвеня — Рыжанкоў

11 чэрвеня, Позірк. Прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян наведае Беларусь напрыканцы гэтага месяца, паведаміў беларускі міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў 10 чэрвеня ў Маскве на сустрэчы са студэнтамі МДІМЗ.
“У рамках будучага пасяджэння Вышэйшага эканамічнага савета ЕАЭС 26–27 чэрвеня будзе таксама афіцыйны візіт прэзідэнта Ірана, — цытуюць чыноўніка дзяржаўныя СМІ. — Ён возмьме не толькі ўдзел у гэтым мерапрыемстве па лініі ЕАЭС і ў эканамічным форуме, які будзе суправаджаць мерапрыемства, гэта таксама будзе спалучана з яго афіцыйным візітам”.
Паводле слоў Рыжанкова, Іран для Беларусі з’яўляецца “адным з важных прыярытэтаў”: “І не толькі ў плане гандлёва-эканамічных стасункаў. На многія пытанні міжнароднага характару мы глядзім адным і тым жа поглядам”.
“Нам вельмі важная гэта дзяржава з пункту гледжання лагістыкі, дастаўкі нашых тавараў. Мы вельмі сочым за развіццём калідора Поўнач — Поўдзень праз Іран, таму што мы вельмі спадзяёмся, што гэта падвысіць нашыя магчымасці для дастаўкі нашых тавараў і ў Індыю, і ў Паўднёва-Усходнюю Азію”, — адзначыў кіраўнік МЗС.
У Іране прэзідэнт узначальвае ўрад і выконвае прадстаўнічыя функцыі, але не з’яўляецца кіраўніком дзяржавы. Гэты статус замацаваны за вышэйшым кіраўніком, або рахбарам, якога абірае пажыццёва Савет экспертаў (з 4 чэрвеня 1989 года пасаду займае духоўны лідар — аятала Алі Хаменеі).
Масуду Пезешкіяну 70 гадоў. Былы кардыяхірург. У 2001–2005 гадах быў міністрам аховы здароўя і медыцынскай адукацыі Ірана, у 2016–2020 гадах — першым намеснікам спікера парламента. Балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах у 2013 годзе, але зняў сваю кандыдатуру. На выбарах у 2021 годзе яго не зарэгістравалі.
Пезешкіан стаў прэзідэнтам Ірана ў ліпені 2024 года па выніках датэрміновых выбараў, прызначаных пасля гібелі папярэдняга прэзідэнта Эбрахіма Раісі ў авіякатастрофе 19 траўня.
Ад моманту абрання наведаў сама меней 9 краін: Ірак (верасень 2024 года), ЗША (верасень 2024-га, удзел у Генасамблеі ААН), Катар (кастрычнік 2024-га), Туркменістан (кастрычнік 2024-га), Расію (кастрычнік 2024-га — саміт БРІКС, студзень 2025-га — усталяванне стратэгічнага партнёрства), Егіпет (снежань 2024-га, пасяджэнне групы ісламскіх краін у развіцці D-8), Таджыкістан (студзень 2025-га), Азербайджан (красавік 2025-га) і Аман (травень 2025-га).
Аляксандр Лукашэнка запрасіў Пезешкіяна наведаць Беларусь неўзабаве пасля абрання іранскага палітыка. Іх першая сустрэча адбылася на палях саміту БРІКС летась у кастрычніку ў расійскай Казані.
Лукашэнка наведваў Іран у 2023-м, тады была падпісаная дарожная карта ўсебаковай супрацы на 2023–2026 гады.
У апошні час Мінск і Тэгеран актывізавалі кантакты ў вайсковай сферы.
31 ліпеня 2023 года ў Тэгеране міністр абароны Віктар Хрэнін і Махамад Рэза Аштыяні, які тады ўзначальваў іранскае абароннае ведамства, падпісалі мемарандум аб ваеннай супрацы, дэталі якога дагэтуль невядомыя (аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны меркавалі тады, што міністры маглі абмяркоўваць магчымасць вытворчасці ў Беларусі іранскіх дронаў-камікадзэ).
27 красавіка 2024 года Хрэнін на чарговай сустрэчы з Аштыяні заявіў пра гатоўнасць Беларусі “развіваць і ўмацоўваць” супрацу з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцый. Аштыяні ў сваю чаргу заявіў, што Іран і Беларусь “падзяляюць погляды па асноўных рэгіянальных і міжнародных праблемах і заўсёды падтрымлівалі пазіцыі адзін аднаго”. Ён падкрэсліў “высокі патэнцыял” дзвюх краін “у вайсковых і абаронным сектарах”, адзначыўшы “гатоўнасць Тэгерана да больш шчыльнай супрацы з Мінскам”.
Той жа вясною у іранскай сталіцы адбыліся камандна-штабныя вучэнні “Пояс бяспекі 2024”, у якіх бралі ўдзел беларускія вайскоўцы.
16 траўня 2024-га ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню з моманту ўсталявання беларуска-іранскіх дыпламатычных стасункаў (18 сакавіка 1993 года) быў акрэдытаваны вайсковы аташэ пры амбасадзе Ірана ў Расіі і Беларусі (па сумяшчальніцтве) капітан першага рангу Рэза Хасраві Магадам.
Праз два з паловай месяцы, 31 ліпеня, дэлегацыя Міністэрства абароны і падтрымкі Узброеных сіл Ірана, якая знаходзілася ў Мінску, абмеркавала з беларускімі калегамі перспектывы супрацы ў сферы інжынернага забеспячэння.
7 жніўня паведамлялася пра перагаворы камандуючага ВПС і войскамі СПА Беларусі Андрэя Лук’яновіча і камандзіра ВПС Ірана Хаміда Вахедзі, а 13 жніўня ў Мінску — начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінабароны Леаніда Касінскага і кіраўніка дэпартамента СМІ Генштаба УС Ірана Маджтаба Абдалмалекі.
12 сакавіка 2025 года Хрэнін і дзейны міністр абароны і падтрымкі УС Ірана Азіз Насірзадэ абмеркавалі ў Мінску “цяперашні стан двухбаковай вайсковай супрацы” і “шляхі яе інтэнсіфікацыі ў галінах, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс”. Па выніках сустрэчы быў падпісаны “выніковы пратакол візіту”.
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваДэфіцыту медыкаў няма, трэба рацыянальна выкарыстоўваць кадравы рэсурс — прадстаўніца Мінздароўя (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ГрамадстваІнтэрнатуру ў Беларусі праходзіць у год да 150 замежнікаў — выпускнікоў мясцовых медычных ВНУМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаПаводле метадалогіі МАП у Беларусі па-ранейшаму ўзровень беспрацоўя вышэй, чым у РФ (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаТрэці месяц запар Беларусь займае 3-е месца ў ЕАЭС паводле дынамікі прамвытворчасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+