Мінск 13:25

Некаторых затрыманых супрацоўнікаў Мазырскага НПЗ адпусцілі — СМІ

Мазырскі НПЗ
Ілюстрацыйнае фота: "Веснік Белнафтахіма"

10 чэрвеня, Позірк. Некаторых затрыманых напрыканцы красавіка супрацоўнікаў Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода (Гомельская вобласць) адпусцілі на волю, яны праходзяць па меркаванай карупцыйнай справе ў статусе сведкаў, паведаміла 10 чэрвеня рэгіянальнае выданне “Флагшток”.

Сярод іншых гаворка ідзе пра начальніка юрыдычнай службы прадпрыемства Ігара Драгеля.

Медыя пацвердзіла раней агучаную ім інфармацыю пра затрыманне кіраўніка дырэкцыі па рэканструкцыі і развіцці Аляксандра Гуда і яго жонкі, назваўшы (са спасылкай на “Рабочы рух”) імя апошняй — Наталля Мішкова, яна эканаміст прадпрыемства.

Яшчэ адзін затрыманы, пра якога стала вядома “Флагштоку” — намеснік генеральнага дырэктара па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Сяргей Трунін.

Акрамя таго, паводле звестак “Рабочага руху”, сілавікі затрымлівалі і некалькіх былых топ-менеджараў завода. Гэта экс-намеснік гендырэктара па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Максім Дворак і былы галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Тукач.

“Флагшток” звяртае ўвагу, што “найвышэйшая службовая асоба з ліку затрыманых” — першы намеснік гендырэктара і галоўны інжынер Сяргей Грамовіч — па-ранейшаму фігуруе на сайце на гэтай пасадзе.

Раней гэтае СМІ паведамляла таксама пра затрыманне намесніка Гуда Антона Гугалінскага.

Работнікі прадпрыемства, на якіх спасылаецца СМІ, мяркуюць, што затрыманні не палітычна матываваныя, прычынай, верагодна, стала карупцыя.

Карупцыя па-ранейшаму застаецца праблемай для беларускіх прадпрыемстваў.

У 2024 годзе, як паведамляла Генпракуратура, зафіксавана 1.031 карупцыйнае злачынства. Найбольшую долю склала хабарніцтва (45,1%), больш як 70% выпадкаў выяўленыя ў закупачнай дзейнасці, крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (32,8%). Пад крымінальную адказнасць падпала 911 асоб, з іх 14 “займалі адказнае становішча”. Найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў зафіксаваная ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, будаўніцтве і гандлі.

У лютым прэс-служба Вярхоўнага суда паведамляла, што за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў у 2024 годзе было асуджана 709 чалавек — на 1,1% менш, чым у 2023 годзе (717).

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў сярэдзіне 1990-х гадоў шмат у чым дзякуючы вобразу барацьбіта з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За 30 гадоў карупцыю так і не перамаглі.

У сваім выступе пасля цырымоніі інаўгурацыі 25 сакавіка 2025 года Лукашэнка, які заступаў на сёмы тэрмін, паабяцаў працягнуць “бязлітасную барацьбу з бюракратызмам і карупцыяй”.

14 кастрычніка 2024 года тэлеграм-канал нефармальнай “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі” паведаміў пра затрыманне трох менеджараў службы перавозак БЧ. Пад варту былі ўзятыя начальнік службы перавозак БЧ Віталь Панюшэнка; яго намеснік — начальнік цэнтра кіравання перавозкамі (ЦКП) Фёдар Шулянкоў; першы намеснік начальніка ЦКП — кіраўнік аператыўна-распарадчага аддзела Аляксандр Іваноў. Паводле папярэдняй інфармацыі, на іх распачалі крымінальную справу паводле арт. 430 КК (атрыманне хабару).

15 жніўня стала вядома, што намеснік начальніка БЧ Сяргей Сізін звольнены за парушэнне пісьмовага абавязацельства, прадугледжанага заканадаўствам аб барацьбе з карупцыяй.

Падзяліцца: