Лукашэнка неадназначна выказаўся пра фінансавую падтрымку “Беларусьфільма” — спярша адмовіў, затым выставіў умовы

10 чэрвеня, Позірк. Пра магчымасць чарговай фінансавай падтрымкі “Беларусьфільма” выказаўся Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 10 чэрвеня нацыянальную кінастудыю.
“Няхай вырабляюць, прадаюць і жывуць. Не — да пабачэння. Колькі можна дапамагаць? Яны ж фактычна вісяць на плячах дзяржавы. А за што даваць грошы?” — цытуе спікера яго прэс-служба.
Аднак затым палітык, як вынікае з паведамлення, “не выключыў магчымасці фінансавай падтрымкі”. Для гэтага, паводле яго патрабавання, “патрэбныя эфектыўнасць і аддача, каб на выхадзе было якаснае запатрабаванае кіно”.
Таму, паведаміла прэс-служба, “працэс кінавытворчасці і выдзяленне на гэта сродкаў” Лукашэнка патрабуе “жалезна браць на кантроль”. “Вось табе рубель — вярні два”, — патлумачыў ён.
На нарадзе па пытаннях развіцця галіны, якая адбылася падчас наведвання студыі, Лукашэнка заявіў, што “дзяржавай створаныя ўмовы для развіцця айчыннага кінематографа і ў прыватнасці “Беларусьфільма”, але аддача пакуль не тое што нулявая, а ніжэй за нуль”. “Мінусовая! Ні дзяржава, ані глядач не бачаць вынікаў”, — сцвярджае ён.
Паводле слоў палітыка, для большасці беларусаў “айчыннае кіно скончылася “Аўгустам 44-га…” і “Брэсцкай крэпасцю” — гаворка пра фільм “У жніўні 44-га” Міхаіла Пташука, які выйшаў у 2000 годзе, і стужку “Брэсцкая крэпасць” Аляксандра Кота (2010 год).
“Глядзець проста няма чаго! — канстатаваў Лукашэнка. — Канчаткова страчаны сямейная, юнацкая і дзіцячая аўдыторыі”.
Адзначаецца, што яго “праінфармавалі пра рэалізацыю тэлевізійных праектаў на плошчах “Беларусьфільма”, дзе “Белтэлерадыёкампанія здымае шэраг папулярных перадач”.
У ліпені 2023 года Лукашэнка, узгадняючы кандыдатуру Юрыя Аляксея на пасаду гендырэктара “Беларусьфільма” (працаваў да вясны 2025-га; 27 сакавіка студыю ўзначаліў Дзмітрый Сямёнаў), назваў “бядой” айчынную кінавытворчасць: “Спагнанне, адразу вам кажу, будзе самае сур’ёзнае! Чаму? Бо колькі можна мяняць кіраўнікоў, а выніку няма! А база нядрэнная, не горшая, чым у іншых рэспубліках, у тым ліку і ў Расіі. Відаць, недзе мы недапрацоўвалі і ў кіраўніцтве. Можа быць, увагі менш надавалі”.
Паводле яго слоў, “у ідэалагічным, выхаваўчым плане” кіно “не мае роўных паводле ступені ўздзеяння”.
2 снежня 2024 года Лукашэнка зноў раскрытыкаваў стан айчыннага кінематографа: “Проста ганьба”. “Гэта недапушчальна, — сказаў ён. — Мы скаціліся, мы сталі горш выглядаць да таго савецкага перыяду, калі надавалі сур’ёзную ўвагу кінематографу. Не скажу, што мы ў гэтым не зацікаўленыя, але нечаму ўсе хочуць мець грошы, але на выхадзе не жадаюць пагадзіцца з тым, што трэба мець добры фільм, карціну добрую”.
Праз дэкаду, 12 снежня, начальніца аддзела Міністэрства культуры па кінематаграфіі Ірына Дрыга заявіла на прэс-канферэнцыі, што ў 2024 годзе доля беларускіх фільмаў у беларускім кінапракаце павялічылася да 25%. На той год, паводле яе слоў, з бюджэту было выдаткавана больш за 14 млн рублёў — на вытворчасць 25 фільмаў.
Чыноўніца згадала два ігравыя фільмы — “Час вярнуцца” (прысвечаны партызанскаму руху) і “Чорны замак” (гістарычны дэтэктыў беларуска-расійскай вытворчасці паводле матываў рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”; прэм’ера адбылася 12 снежня 2024 года).
На студыі выйшла 19 дакументальных фільмаў, прысвечаных “гісторыі Беларусі, падзеям Вялікай айчыннай вайны, 100-годдзю беларускага кіно” і беларускай прыродзе. Дрыга згадала фільм пра дзяржаўныя сімвалы “Культурны код”, касавыя зборы якога “ў два разы перавысілі сродкі”, укладзеныя ў яго вытворчасць.
“Фільм, што называецца, зайшоў і маладзёжнай аўдыторыі, спадабаўся педагогам. Гэта цікавы досвед. Самае галоўнае — і камерцыйна паспяховы досвед. Зразумела, і ідэалагічны, выхаваўчы патэнцыял гэтага фільма вялікі”, — сказала яна.
Сярод анімацыйных фільмаў Дрыга згадала “Мемарыяльныя комплексы Беларусі”, які, паводле яе сцвярджэння, паглядзела больш за 90 тыс. гледачоў, “Песня Сірын” (80 тыс.), а таксама “Дзяржаўныя сімвалы”.
За 11 месяцаў 2024 года больш за 700 тыс. чалавек паглядзелі прэм’еры беларускіх фільмаў, гэта ў 1,7 разы больш, чым тых, хто наведаў прэм’еры за ўвесь 2023 год, заявіла Дрыга. Сукупны касавы збор, паводле яе слоў, павялічыўся ў 1,2 раза.
Паводле слоў чыноўніцы, ідзе актыўная праца над павелічэннем наведвальнасці айчынных фільмаў.

- Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаТрэці месяц запар Беларусь займае 3-е месца ў ЕАЭС паводле дынамікі прамвытворчасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ЭканомікаБазавая інфляцыя ў траўні склала 7,1% — Нацбанк (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку года Польшча спыніла больш за 12 тыс. спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 10 чэрвеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка