Мінск 01:51

РФ і Украіна пачалі чарговы абмен палоннымі з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі

Фота: тэлеграм-канал Уладзіміра Зяленскага

9 чэрвеня, Позірк. Пра пачатак чарговага абмену палоннымі паміж РФ і Украінай паведаміў 9 чэрвеня ў сваім тэлеграм-канале ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго слоў, абмен арганізаваны ў адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі бакамі 2 чэрвеня на перамовах у Стамбуле.

Сярод вернутых грамадзян Украіны — “параненыя і цяжкапараненыя”, а таксама вайскоўцы маладзейшыя за 25 гадоў, адзначыў Зяленскі.

“Разлічваем, што будуць цалкам рэалізаваныя дамоўленасці па гуманітарных пытаннях, дасягнутыя ў рамках сустрэчы ў Стамбуле. Робім максімум, каб вярнуць усіх. Працуем для гэтага на ўсіх узроўнях. Павінны вярнуць дадому кожнага, хто ў палоне. Дзякуй усім, хто дапамагае”, — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

Аб перадачы Расіі аналагічнай колькасці палонных маладзейшых за 25 гадоў паведамляе Міністэрства абароны РФ. Як і Зяленскі, ведамства не ўказвае колькасць вайскоўцаў, яны названыя “першай групай”.

Адзначаецца, што цяпер расійскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

У траўні Расія і Украіна правялі з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі найбуйнейшы з пачатку вайны абмен палоннымі — 1.000 на 1.000. Пра гэты абмен бакі дамовіліся 16 траўня падчас перамоваў у Стамбуле.

У 2024 годзе паміж краінамі афіцыйна было праведзена 12 абменаў, РФ вярнула 535 вайскоўцаў, паведамлялі расійскія СМІ. У 2025-м адбылося пяць абменаў, РФ атрымала 800 чалавек.

Раней абмен ваеннапалоннымі паміж Расіяй і Украінай на тэрыторыі Беларусі адбыўся 6 траўня. Тады кожны бок вярнуў па 205 чалавек. Таксама ў 2025 годзе, 19 красавіка, бакі перадалі адно аднаму па 246 чалавек (дадаткова Украіне быў перададзены 31 паранены вайсковец у абмен на 15 расіян, якім была патрэбна тэрміновая медыцынская дапамога), 19 сакавіка — па 175 (пры гэтым Украіна дадаткова атрымала 22 цяжкапараненых), 5 лютага — па 150.

Падзяліцца: