Мінск 21:38

Дэмсілы і Еўропа маюць разам супрацьстаяць спробам рэжыму Лукашэнкі выставіць Захад ворагам — Латушка

Фота: прэс-служба АПК

7 чэрвеня, Позірк. Дыктатарскім рэжымам “заўсёды патрэбныя ворагі”, каб кантраляваць людзей, заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка на сустрэчы з членамі Еўраатлантычнай асацыяцыі ў Варшаве.

Палітык, словы якога 7 чэрвеня прывяла прэс-служба АПК, падкрэсліў надзвычайную важнасць таго, каб “даносіць да беларусаў унутры краіны”, тлумачыць, што НАТО — “не вораг, а абарончы саюз”. Для Аляксандра Лукашэнкі “вораг — гэта ўнутранае грамадства і суседзі звонку”.

“Ён увесь час стварае вобраз ворага, [кажа,] што Польшча, Літва, Еўрасаюз — гэта ворагі. Мы павінны разам з еўрапейскімі краінамі супрацьстаяць гэтаму, каб беларусы не верылі ў фальшывыя наратывы рэжыму”, — заклікаў намеснік кіраўніцы АПК.

Латушка ахарактарызаваў Лукашэнку як “глыбока савецкага чалавека з абсалютна прарасійскім мысленнем, які ўспрымае Беларусь як свой калгас, як сваю ўласнасць”. “Яго цікавіць толькі адно — утрыманне ўлады”, — упэўнены палітык.

Паводле яго слоў, неабходна “працягваць дзейнасць, падтрымліваць незалежныя СМІ і блогераў, а таксама ўмацоўваць створаныя інстытуты дэмакратычных сіл, якія з’яўляюцца рэальнай альтэрнатывай рэжыму”. Латушка падкрэсліў важнасць захавання “моцнай пазіцыі” дэмсіл, каб “у вырашальны момант адыграць ключавую ролю ў дэмакратычных зменах унутры краіны”.

“Ацэньваючы эліты вакол Лукашэнкі — у большасці сваёй яны прадзяржаўныя, але не прадэмакратычныя, — канстатаваў намеснік кіраўніцы АПК. — Пакуль Лукашэнка пры ўладзе, ніхто з іх не адважыцца дзейнічаць без яго дазволу. Але як толькі ён страціць кантроль, з’явіцца магчымасць. Таму мы павінны быць моцнымі. Нам трэба захоўваць альтэрнатыву. Рэжым так жорстка нас атакуе, бо ён хоча знішчыць альтэрнатыву, якая стане вызначальнай у вырашальны момант”.

Паводле інфармацыі АПК, Еўраатлантычная асацыяцыя была створаная ў 1994 годзе. Спецыялізуецца на “развіцці экспертных ведаў у сферы міжнародных стасункаў”. Адзначаецца, што яе заснавальнікі “актыўна лабіявалі далучэнне Польшчы да НАТО і адыгралі важную ролю ў палітычным жыцці краіны пасля ўступлення ў Паўночнаатлантычны альянс”.

Лукашэнка і прадстаўнікі яго рэжыму неаднаразова абвінавачвалі краіны Захаду, у тым ліку суседнія дзяржавы ЕС, у мілітарызацыі і падрыхтоўцы да агрэсіі ў дачыненні да Беларусі, не падмацоўваючы апошняе сцвярджэнне ніякімі доказамі. Мілітарызацыю ж беларускія ўлады бачаць у тым, што суседнія краіны ўдасканальваюць сваю абароназдольнасць на фоне паўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Маскву.

Падзяліцца: