Мінск 19:11

Інданезія жадае больш супрацоўнічаць з Беларуссю па калійных угнаеннях

Амбасадар Беларусі Раманоўскі і кіраўнік МЗС Інданезіі Сугіёна
Фота: прэс-служба інданезійскага знешнепалітычнага ведамства

7 чэрвеня, Позірк. Спадзеў на “паглыбленне супрацы ў галіне паставак калійных угнаенняў” выказаў міністр замежных спраў Інданезіі Сугіёна* 5 чэрвеня ў Джакарце на сустрэчы з амбасадарам Беларусі Раманам Раманоўскім, паведамляе знешнепалітычнае ведамства дзяржавы ў Паўднёва-Усходняй Азіі.

Чыноўнік падкрэсліў важнасць большага ўзаемадзеяння ў гэтай сферы “ў святле прыярытэтаў урада Інданезіі, скіраваных на гарантаванне харчовай бяспекі краіны”. Было адзначана, што Беларусь з’яўляецца “адным з найбуйнейшых сусветных экспарцёраў калію”, што “ўмацоўвае яе важную ролю ў глабальным ланцужку паставак угнаенняў”.

Інданезійскае МЗС звярнула ўвагу на тое, што па выніках 2024 года тавараабарот паміж краінамі павялічыўся на 44,1% у параўнанні з 2023-м (89,1 млн) і склаў 128,4 млн долараў. З іх 43,6 млн прыпала на экспарт Джакарты (13,4 млн; +225%).

Пастаўкі Беларусі ў Інданезію ў 2024 годзе, як вынікае з прыведзеных вышэй даных, склалі 84,8 млн долараў. Паводле інфармацыі Абсерваторыі эканамічнай складанасці (АЭС), якая акумулюе даныя міжнародных арганізацый пра сусветны знешні гандаль, экспарт Мінска на інданезійскі рынак у 2023-м склаўся на ўзроўні 75,7 млн ​​долараў, такім чынам, за год гэты паказчык вырас на 12%. Адметна, што 78,2% паставак (59,2 млн), паводле звестак АЭС, прыпала на беларускія ўгнаенні.

На сустрэчы з Раманоўскім Сугіёна заявіў, што Інданезія спадзяецца і ў далейшым нарошчваць экспарт Беларусь — з улікам таго, што членства Мінска ў ЕАЭС адкрывае для Джакарты дадатковыя эканамічныя магчымасці ў еўразійскім рэгіёне.

“У святле гэтых перспектыў міністр замежных спраў запрасіў амбасадара Беларусі да супрацы з мэтай пашырэння доступу да рынкаў і ўсталявання кантактаў паміж бізнесамі дзвюх краін, а таксама для садзейнічання завяршэнню перагавораў па пагадненні аб зоне свабоднага гандлю паміж Інданезіяй і Еўразійскім эканамічным саюзам”, — адзначае МЗС.

Акрамя абмеркавання “сумесных намаганняў па ўмацаванні двухбаковых стасункаў — у сферах гандлю, інвестыцый і сельскай гаспадаркі”, як заявіла інданезійскае знешнепалітычнае ведамства, бакі таксама “абмяняліся думкамі пра цяперашнюю глабальную сітуацыю і шматбаковыя тэмы, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс”.

У мінулым месяцы дэлегацыя парламента Інданезіі наведвала Беларусь. Па выніках сустрэчы з гасцямі 10 траўня старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў даў зразумець, што Джакарта дапамагае Мінску даваць рады заходнім санкцыям. Акрамя таго, паводле яго слоў, у Беларусі “вялікая цікавасць да паставак угнаенняў, <…> грузавой тэхнікі” на інданезійскі рынак.

У 2021 годзе ў дачыненні да прадпрыемства “Беларуськалій” былі ўведзеныя заходнія санкцыі. Праз абмежавальныя меры нарвежскі пастаўшчык калію Yara — адзін з найбуйнейшых у Еўропе пакупнікоў беларускіх угнаенняў — абвясціў пра спыненне супрацы з беларускім прадпрыемствам.

У траўні — чэрвені 2022 года на фоне ўведзеных санкцый вытворца пачаў прадаваць сваю прадукцыю са зніжкамі 30–50%.

22 траўня 2025 года члены Еўрапейскага парламента ўхвалілі падвышэнне пошлін на ўгнаенні і некаторыя сельскагаспадарчыя тавары з Беларусі і РФ.

У дзяржаўным выданні “Рэспубліка” 27 траўня выйшаў матэрыял пра працу прадпрыемства, у якім в.а. намесніка галоўнага інжынера па тэхналогіі Наталля Санько заявіла, што цярер “Беларуськалій” пастаўляе сваю прадукцыю праз парты Балтыйскага і Каспійскага мораў, экспартуе ўгнаенні чыгуначным транспартам у Кітай і В’етнам, а таксама Іран праз Расію і Азербайджан.

* Сугіёна — поўнае імя міністра замежных спраў Інданезіі. У пераважнай большасці інданезійцаў няма прозвішчаў. Часцей за ўсё выкарыстоўваецца проста імя (з аднаго ці некалькіх слоў) альбо імя і імя па бацьку.

Падзяліцца: