Мінск 12:56

Чыноўніца Мінгарвыканкама пацвердзіла планы распачаць рамонт Чырвонага касцёла ў чэрвені і завяршыць яго налета

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

31 траўня, Позірк. Рамонтныя работы ў касцёле св. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) распачнуцца ў чэрвені, заявіла 30 траўня ў эфіры “Радыё Мінск” начальніца ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Кацярына Лучына.

“Я думаю, што налета яны будуць завершаныя”, — сказала чыноўніца.

Такім чынам, Лучына пацвердзіла інфармацыю, якую каля двух тыдняў таму абнародаваў партал katolik.life.

Са спасылкай на атрыманыя копіі дакументаў медыя паведаміла, што актыўная фаза рэканструкцыі культавага збудавання распачнецца ў чэрвені. Пры гэтым, згодна з планамі работ, рэканструкцыя павінна завяршыцца ў снежні 2026 года, а здаць аб’ект у эксплуатацыю плануецца ў студзені 2027-га. У адпаведнасці з гэтымі дакументамі, на працы выдаткавана каля 10 млн рублёў.

Паводле інфармацыі згаданага СМІ, праект прадугледжвае сярод іншага “рамонт даху, мантаж шклянога казырку, вонкавых інжынерных сетак, аконных праёмаў, супрацьпажарных перагародак, пакрыцця падлог, комплекс сантэхнічных і электрамантажных работ, мерапрыемствы для стварэння безбар’ернага асяроддзя, уладкаванне новага маналітнага перакрыцця”. Акрамя таго, чакаецца “рамонт сістэм ацяплення, водазабеспячэння, каналізацыі”.

15 сакавіка Аляксандр Кохан — дырэктар прадпрыемства “Мінская спадчына” (падпарадкоўваецца Мінгарвыканкаму), якое кіруе будынкам Чырвонага касцёла, — заявіў, што рамонт аб’екта “хутка распачнуць”.

Варта адзначыць, што ў кастрычніку 2023 года Арцём Цуран, які тады займаў пасаду намесніка старшыні Мінгарвыканкама (цяпер кіраўнік Мінгарсавета), заяўляў, што рэканструкцыя касцёла “вядзецца паводле плану”, а таксама тое, што работы ў будынку павінны распачацца ў першым квартале 2024-га. Гэтага не адбылося.

Чырвоны касцёл не працуе з 26 верасня 2022 года. Яго закрылі (афіцыйна — на рамонт) пасля пажару, які, як сцвярджалася, узнік у сувязі з праблемамі з электраправодкай. Праз падазроныя абставіны здарэння і далейшых паводзін чыноўнікаў узнікла меркаванне, што ўлады хочуць выкарыстаць сітуацыю з касцёлам як рычаг ціску на беларускую каталіцкую супольнасць, стасункі з якой ускладніліся пасля падзей 2020 года.

6 кастрычніка 2022 года з парафіяй св. Сымона і Алены скасавалі дагавор бязвыплатнага карыстання будынкам касцёла; 14-га стала вядома, што ўлады забаранілі праводзіць набажэнствы ў плябані, а 9 лістапада — у асобных памяшканнях і дворыку касцёла.

У сакавіку 2023 года ініцыятыва “Хрысціянская візія” са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што адной з умоў, пасля выканання якіх улады згодныя вярнуць Чырвоны касцёл вернікам, можа быць адстаўка ксяндза Уладзіслава Завальнюка, што быў пробашчам парафіі больш за 30 гадоў. У ліпені 2024-га мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі зняў Завальнюка з пасады і прызначыў пробашчам касцёла ксяндза Франца Рудзя.

Акрамя таго, некалькі гадоў таму гарадскія ўлады заявілі, што ў парафіі назапасіўся істотны доўг па зямельным падатку, падатку на нерухомасць і амартызацыі. Летась у снежні Рудзь паведаміў вернікам падчас службы, што ад парафіі патрабуюць пагасіць запазычанасць у памеры 148 тыс. рублёў, не ўдакладніўшы за што менавіта “Мінская спадчына” хоча спагнаць гэтую суму. “Хрысціянская візія” таксама выказвала меркаванне, што выплата можа быць адной з умоў аднаўлення дзейнасці Чырвонага касцёла.

Падзяліцца: