Мінск 00:24

На тэрыторыі Беларусі праводзіцца найбуйнейшы з пачатку расійска-ўкраінскай вайны абмен палоннымі — 1.000 на 1.000

23 траўня, Позірк. 23–25 траўня на мяжы Украіны і Беларусі праводзіцца найбуйнейшы з пачатку расійска-ўкраінскай вайны абмен палоннымі — у фармаце “1.000 на 1.000”. Пра гэта паведамляе расійскае выданне Mash.

Паводле сцвярджэнняў медыя, “Расія вяртае дадому амаль усіх сваіх вайскоўцаў, што трапілі ў палон за тры гады” вайны, Украіна — “менш за 10%”. Адзначаецца, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп “ужо павіншаваў абодва бакі з поспехам, але ён паспяшаўся — абмен адбываецца ў некалькі этапаў і можа цягнуцца некалькі дзён, да 25 траўня”.

Паведамляецца, што на сёння ва ўкраінскім палоне знаходзіцца каля 1.300 расійскіх вайскоўцаў. У палоне ў Расіі — амаль 10.000 украінцаў.

У 2024 годзе паміж краінамі афіцыйна было праведзена 12 абменаў, Расія вярнула 535 вайскоўцаў, гаворыцца ў публікацыі. У 2025-м адбылося пяць абменаў, РФ атрымала 800 чалавек.

Аб абмене палоннымі ў фармаце “1.000 на 1.000” Украіна і Расія дамовіліся 16 траўня падчас перамоў у Стамбуле (Турцыя).

Апошні абмен ваеннапалоннымі паміж Расіяй і Украінай на тэрыторыі Беларусі адбыўся 6 траўня. Тады кожны бок вярнуў па 205 чалавек. Таксама ў 2025 годзе, 19 красавіка, бакі перадалі адно аднаму па 246 чалавек (дадаткова Украіне быў перададзены 31 паранены вайсковец у абмен на 15 расіян, якім была патрэбна тэрміновая медыцынская дапамога), 19 сакавіка — па 175 (пры гэтым Украіна дадаткова атрымала 22 цяжкапараненых), 5 лютага — па 150.

Падзяліцца: