Лукашэнка гатовы аднавіць пастаўкі беларускай зброі ў В’етнам

12 траўня, Позірк. Пра гатоўнасць аднавіць пастаўкі прадукцыі ваенна-прамысловага комплексу Беларусі ў В’етнам заявіў Аляксандр Лукашэнка 12 траўня ў Мінску на перагаворах з генеральным сакратаром ЦК Кампартыі гэтай краіны То Ламам, паведамляе прэс-служба беларускага палітыка.
“Адкрыта можна казаць сёння пра тое, што мы інтэнсіўна супрацоўнічалі з вамі ў галіне ваенна-прамысловага комплексу, паставак нашых узораў узбраенняў у В’етнам. Калі вам гэта будзе цікава, мы гатовыя гэта аднавіць”, — сказаў спікер свайму суразмоўцу.
Лукашэнка запрасіў в’етнамскіх партнёраў наведаць 12-ю міжнароднаю выставу ўзбраення і вайсковай тэхнікі MILEX-2025, якая пройдзе 21–24 траўня ў Мінску.
Беларусь і В’етнам маюць двухбаковую камісію па вайскова-тэхнічнай супрацы. Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, апошняе — 18-е — пасяджэнне адбылося ў В’етнаме ў 2019 годзе. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў Раман Галоўчанка, які тады займаў пасаду кіраўніка Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта (у 2020–2025 гадах — прэм’ер-міністр, з 10 сакавіка 2025-га — старшыня праўлення Нацыянальнага банка).
Летась у снежні дэлегацыя Дзяржкамваенпрама ўдзельнічала ў выставе VIETNAM DEFENCE EXPO 2024. Тады паведамлялася, што кіраўнік ведамства Дзмітрый Пантус як кіраўнік беларускай дэлегацыі ў вышэйзгаданай камісіі сустрэўся з яе сустаршынёй з в’етнамскага боку, намеснікам міністра нацыянальнай абароны Ле Х’ю Вінем. Яны абмеркавалі “рэалізацыю раней дасягнутых дамоўленасцей, разгледзелі пытанні тэхналагічнай супрацы, а таксама намецілі шэраг новых кірункаў для сумеснай працы на бліжэйшыя гады”.
Паводле інфармацыі дзяржСМІ, 13 сакавіка 2025 года ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце прынялі в’етнамскую дэлегацыю, якая азнаёмілася “з магчымасцямі вайскова-тэхнічнага факультэта па навучанні вайскоўцаў Узброеных сіл Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам”.
У рамках цяперашняга візіту То Лама ваенныя ведамствы Беларусі і В’етнама падпісалі пратакол аб намерах па ўмацаванні супрацы ў галіне навучання вайскоўцаў і адмыслоўцаў.
Пасля перагавораў Лукашэнка і То Лам прынялі сумесную заяву пра ўсталяванне стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма краінамі.
Акрамя таго, адпаведныя ведамствы дзвюх краін падпісалі мемарандумы аб узаемаразуменні аб супрацы ў сферы лічбавай трансфармацыі і лічбавай эканомікі і аб супрацы ў сферы навукі, тэхналогій і інавацый.
Міністэрства культуры Беларусі і Міністэрства культуры, спорту і турызму В’етнама прынялі праграму супрацы ў галіне культуры на 2026–2028 гады. Праграму супрацы на 2025–2027 гады падпісалі міністэрствы юстыцыі дзвюх краін. Міністэрствы аховы здароўя Беларусі і В’етнама абмяняліся тэкстамі заключанага мемарандума аб супрацы ў сферы фармацэўтыкі.
То Лам быў абраны генеральным сакратаром кіроўнай і адзінай легальнай палітычнай структуры — Камуністычнай партыі В’етнама — летась у жніўні. Фактычна пазіцыя партыйнага лідара вышэй за пазіцыю прэзідэнта.
На сустрэчы з міністрам грамадскай бяспекі В’етнама Там Куангам 9 верасня 2024 года ў Мінску Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе “настолькі актыўная ў стасунках” з Ханоем, наколькі гэта можа дазволіць сабе в’етнамскае кіраўніцтва.
Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і В’етнамам усталяваныя 24 студзеня 1992 года. Беларускае гандлёвае прадстаўніцтва ў Ханоі было пераўтворанае ў амбасаду ў снежні 1997 года, в’етнамская дыпмісія ў Мінску адкрылася ў канцы 2003-га.
У снежні 2023 года ў Хашыміне адкрытае генеральнае консульства Беларусі.
Паводле інфармацыі МЗС, тавараабарот Беларусі і В’етнама ў 2021 годзе склаў 200,3 млн долараў (беларускі экспарт — 92,9 млн, в’етнамскія пастаўкі — 107,4 млн, адмоўнае сальда — 14,5 млн). Актуальных даных у адкрытым доступе няма.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская ў Хельсінкі выказала спачуванні ахвярам начной расійскай атакі на Кіеў і заклікала ўзмацніць ціск на беларускі рэжым (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 29–30 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка