Мінск 22:57

Абвешчаны прыём заявак і збор сродкаў на выставу, натхнёную творчасцю мастака Пушкіна, што памёр у няволі

Алесь Пушкин в своей мастерской. 17 июня 2020 годаФото: svaboda.org
Алесь Пушкін у сваёй майстэрні (17 чэрвеня 2020 года)
Архіўнае фота: "Радыё Свабода"

10 траўня, Позірк. Абвешчаны прыём заявак і збор сродкаў на незалежную выставу “Застацца”, натхнёную творчасцю мастака Алеся Пушкіна, які памёр у 2023 годзе ў няволі, будучы асуджаным з палітычных матываў.

Згодна з рэлізам, які “Позірк” атрымаў ад каманды арганізатараў, экспазіцыю задумана адкрыць у варшаўскім Музеі вольнай Беларусі сёлета 6 жніўня — у дзень, калі творцу споўнілася б 60 гадоў.

Да ўдзелу запрашаюцца мастакі, якія “жывуць у Польшчы або краінах-суседках ЕС” і ў сваіх работах натхняліся творчасцю Алеся Пушкіна; даследуюць “досвед выгнання, страты, пошуку каранёў”; “працуюць з тэмамі ўнутранай свабоды, памяці, рытуалу і побыту”.

“У цэнтры — не фігура Пушкіна як гістарычная, а яго ідэі, вобразы і метады, што працягваюць жыць у мастацкіх практыках сёння, — адзначылі арганізатары. — Мы робім гэту выставу, каб гаварыць пра асабістае і супольнае, пра тое, што балела і што працягвае жыць унутры”.

Заяўкі прымаюцца да 20 траўня. Патэнцыйныя ўдзельнікі не абмежаваныя паводле мастацкай формы твораў і могуць прапаноўваць “інсталяцыі, жывапіс, відэа, фатаграфіі, перфарматыўныя элементы”, звязаныя з тэмамі “міграцыі, трансфармацыі, пошуку сваёй ідэнтычнасці”; “досведу жыцця паміж — краінамі, мовамі, станамі”; “асабістых перажыванняў і мастацкага сведчання”.

Плануецца адабраць да 20 твораў, вынікі будуць вядомыя ў першы тыдзень чэрвеня.

Арганізатары адзначылі, што адабраным удзельнікам аплацяць выдаткі на транспартаванне твораў на выставу і іх ўсталёўку. “Ганарары не прадугледжаныя, але, маецца магчымасць прапанаваць сваю працу на аўкцыён”, — падкрэсліла каманда, звярнуўшы ўвагу на тое, што сродкі ад продажу атрымае аўтар.

На краўдфандынгавай платформе Gronka арганізатары выставы распачалі кампанію па зборы 3.000 еўра, якія плануецца выдаткаваць на “лагістыку, мантаж і святло; аплату працы каманды; друк афіш і матэрыялаў; прасоўванне”. 

“Праект ствараецца незалежнай ініцыятыўнай групай <…> і не мае інстытуцыйнай падтрымкі, — гаворыцца ў рэлізе. — Выстава — гэта працяг даследчай працы, якая ўжо прывяла да стварэння старонкі памяці Алеся Пушкіна (alespushkin.com), фармавання візуальнага архіва яго твораў і распрацоўкі будучага альбома”.

Каманда адзначыла, што праект “Застацца” — гэта “не толькі ўшанаванне Алеся Пушкіна, але і голас сённяшніх мастакоў і мастачак, якія жывуць у новым кантэксце, але працягваюць гаварыць”. “Гэта платформа, якая дае магчымасць паказаць сучаснае беларускае мастацтва — жывое, асабістае і міжкультурнае”, — падкрэслілі арганізатары выставы.

Даведка “Позірку”:

57-гадовы палітвязень Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня 2023 года ў бальніцы, куды яго занадта позна прывезлі з гродзенскай турмы № 1. У мужчыны была прабадная язва страўніка, развіўся перытаніт, паліорганная недастатковасць.

Пушкін браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэння, рэстаўраваў гістарычныя будынкі і распісваў цэрквы, шмат разоў затрымліваўся з палітычных матываў.

У ліпені 1999 года, на пяцігоддзе праўлення Аляксандра Лукашэнкі, мастак правёў перфоманс каля Адміністрацыі прэзідэнта. Ён прывёз да будынку тачку, поўную гною, перакуліў яе на маставую, зверху паклаў партрэт Лукашэнкі і праткнуў яго віламі.

30 сакавіка 2021 года Пушкіна затрымалі пасля вяртання з Кіева. Гэтаму папярэднічала ўзбуджэнне пракуратурай Гродна крымінальнай справы паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці) — за “здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму”. Мастака таксама абвінавацілі паводле арт. 370 (знявага дзяржаўных сімвалаў).

Падставай для крымінальнай справы стаў партрэт дзеяча антысавецкага руху Яўгена Жыхара аўтарства Пушкіна, які экспанаваўся на выставе ў Гродне. У пракуратуры заявілі, што мастак характарызаваў Жыхара як “чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым услаўляў і ўхваляў яго дзеянні”.

30 сакавіка 2022 года Мінскі гарадскі суд (суддзя Алена Шылько) прыгаварыў Пушкіна да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Працэс быў закрытым.

На адным з пасяджэнняў палітвязень парэзаў сабе жывот на знак пратэсту супраць таго, што адбываецца ў судзе, за гэта яго змясцілі ў карцар.

У лістападзе 2022 года яму пастрожылі рэжым і перавялі з івацэвіцкай калоніі “Ваўчыныя норы” ў гродзенскую турму № 1.

Падзяліцца: