Мінск 01:52

На фоне санкцый Інданезія дапамагае Беларусі вырашаць “няпростыя пытанні” — дэпутат Рачкоў

Джакарта — сталіца Інданезіі
Ілюстрацыйнае фота: Muhammad Ravel / unsplash.com

10 траўня, Позірк. Джакарта дапамагае Мінску даваць рады заходнім санкцыям, такую ​​выснову можна зрабіць з заявы старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) Сяргея Рачкова, які 10 траўня сустрэўся ў беларускай сталіцы з дэлегацыяй парламента Інданезіі.

З беларускага боку апрача яго ў сустрэчы ўдзельнічалі кіраўніца камісіі ПП НС па працы і сацыяльных пытаннях і працоўнай групы па супрацы з парламентам Інданезіі Ірына Касцевіч (экс-міністр працы і сацабароны), член камісіі Савета Рэспублікі НС па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр Лук’янаў; з інданезійскай — старшыня камітэта міжпарламенцкай супрацы Палаты прадстаўнікоў Народнага сходу Мардані Алі Сера і кіраўнік парламенцкай групы сяброўства з Беларуссю Мунгаран Ісфахан Тофік.

“Мы добра ўзаемадзейнічаем [з Інданезіяй] у шматбаковай парламенцкай дыпламатыі на міжнародных пляцоўках, асабліва ў рамках Міжпарламенцкага саюза, — заявіў Рачкоў (на падставе відэазапісу ў тэлеграм-канале прэс-службы ніжняй палаты парламента). — Не ўтойваю, падчас асамблей гэтай найбуйнейшай міжпарламенцкай структуры бываюць пытанні, якія закранаюць прамыя інтарэсы Рэспублікі Беларусь. Гаворка ідзе пра тыя санкцыйныя дзеянні, крытычныя падыходы — перш за ўсё краін Захаду — у дачыненні да нашай краіны. Інданезія заўсёды знаходзіцца на баку Рэспублікі Беларусь. І заўсёды садзейнічае нам у вырашэнні тых ці іншых пытанняў — няпростых пытанняў”.

Паводле слоў дэпутата, Інданезія для Беларусі — гэта “найважнейшая краіна ў Паўднёва-Усходняй Азіі”, маецца “велізарны патэнцыял для развіцця двухбаковых стасункаў”.

“Дастаткова сказаць, што валавы ўнутраны прадукт Інданезіі — больш за 6 трыльёнаў долараў (паводле даных Нацыянальнага агенцтва статыстыкі Інданезіі, эканоміка краіны ў 2024 годзе, вымераная валавым унутраным прадуктам на падставе наяўных рынкавых цэн, склала 22,139 трлн інданезійскіх рупій, або 1,398 трлн долараў. — “Позірк”.), — заявіў парламентарый. — Паводле пакупніцкай здольнасці Інданезія летась заняла 7-е месца ў свеце з 198 краін. Гэта сведчыць пра высокія эканамічныя, фінансавыя магчымасці гэтай краіны. Інданезія заўсёды ўваходзіла ў лік найважнейшых краін для развіцця гандлёва-эканамічных стасункаў Рэспублікі Беларусь”.

“Мы, вядома, маем вялікі інтарэс да паставак угнаенняў на гэты рынак, грузавой тэхнікі. Інданезія зацікаўленая і развівае цяпер свой парк грамадскага транспарту, электрычнага, у чым таксама моцная Рэспубліка Беларусь. Гэта тыя пункты судотыку, росту, якія могуць забяспечыць нам павелічэнне двухбаковага гандлёвага абароту”, — лічыць Рачкоў.

Згодна з інфармацыяй амбасады Беларусі ў Інданезіі, у 2021 годзе тавараабарот паміж краінамі склаў 232,3 млн долараў (беларускі экспарт — 200,4 млн, інданезійскія пастаўкі — 31,9 млн). Актуальных даных на сайце дыппрадстаўніцтва няма.

Паводле даных Абсерваторыі эканамічнай складанасці, якая акумулюе звесткі міжнародных арганізацый пра сусветны знешні гандаль, у 2023 годзе экспарт Беларусі ў Інданезію склаў 75,4 млн долараў, Інданезіі ў Беларусь — 13,4 млн. Такім чынам, аб’ём узаемнага гандлю ў тым годзе склаўся на ўзроўні 88,8 млн.

Дэмакратычныя краіны ўвялі ў дачыненні да Беларусі мноства санкцый, у тым ліку эканамічных. Абмежавальныя меры ўводзіліся за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткае падаўленне распачатых пасля іх пратэстаў, прымусовую пасадку самалёта Ryanair, штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі ЕС, дапамогу Расіі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Падзяліцца: