Мінск 06:05

Прадстаўнікі беларускай дыяспары 9 траўня зладзілі антываенную акцыю ля амбасады РФ у Вільнюсе

Фота: "Позірк"

9 траўня, Позірк. Каля дваццаці прадстаўнікоў беларускай дыяспары ўвечары 9 траўня сабралася ля амбасады Расіі ў Вільнюсе на антываенную акцыю, ініцыяваную арганізацыяй “Дапамога”.

На мосце, які вядзе да расійскага дыпламатычнага прадстаўніцтва, удзельнікі акцыі з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі, сцягамі Украіны, Літвы і Еўрасаюза разгарнулі некалькі плакатаў, у тым ліку “Не вайне”, “Расія — дзяржава-тэрарыст” (на англійскай мове), “Лукашэнку і Пуціна на шыбеніцу”. Яшчэ адзін плакат быў стылізаваны пад расійскі сцяг з крывавымі плямамі і надпісам “Р/Фашызм”.

На падабенства палітычнага рэжыму ў сучаснай Расіі з нацызмам у каментарыі “Позірку” таксама звярнула ўвагу адна з удзельніц акцыі, экс-палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.

“Вось гэты будынак, комплекс будынкаў — гэта ўвасабленне Расіі, — заявіла актывістка. — Расія сёння — гэта драпежнік, гэта агрэсія, смерць нясе гэтая краіна. Важна ў такі дзень, які сама Расія адзначае як дзень перамогі над нацызмам, паказаць, нагадаць Расіі, што, па сутнасці, твар сучаснага фашызму, сучаснага нацызму — сама Расія”.

“Тое, што мы робім сёння ў Вільні, — мы паказваем, што разумеем гэтую сітуацыю, не змірымся з гэтай сітуацыяй. Мы, палітычныя ўцекачы з Беларусі, у тым ліку праз волю Расіі былі выціснутыя са сваёй краіны, мы марым вярнуцца ў сваю краіну. Але і тут мы працягваем паказваць сваю палітычную актыўнасць, сваю палітычную пазіцыю”, — дадала яна.

Акцыя доўжылася каля гадзіны.

Фота: "Позірк"
Фота: "Позірк"

Зарэгістраваная ў Літве беларуская арганізацыя “Дапамога”, анансуючы акцыю, заяўляла, што яе сэнс у тым, каб “вярнуць 9 траўня сапраўдны сэнс”.

“Саюз Сталіна і Гітлера ў 1939 годзе прывёў да пачатку Другой сусветнай вайны, — гаварылася ў анонсе. — Сталін — не пераможца, а суаўтар вайны. Пуцін — яго ідэалагічны спадчыннік. Ён паўтарае тую самую мадэль: дыктатура, вайна, культ, страх”.

Ініцыятары акцыі таксама хацелі “выказаць падтрымку Украіне і нагадаць”, што “вайна — гэта не гонар, а боль, гэта забітыя і скалечаныя дзеці, гэта мірныя людзі, у якіх больш няма дома, гэта назаўжды разбураныя жыцці сотняў тысяч”.

“У Вільні да гэтага часу стаіць вялікае і прыгожае пасольства Расіі. Са сцягам, гербам, аховай. Нібы нічога не здараецца. Мы выходзім, каб сказаць: адбываецца! Мы бачым. Мы не маўчым. Хай у тых, хто за плотам, не будзе ілюзіі, што ўсе вакол — нейтральныя”, — падкрэсліла “Дапамога”.

Падзяліцца: