Мінск 23:32

Лукашэнка ў Маскве правёў паралель паміж ВАВ і вайной ва Украіне, абвінаваціўшы Захад у падрыхтоўцы да новага канфлікту

Крыніца: прэс-служба Крамля Скрыншот: "Позірк"

9 траўня, Позірк. Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне “з’яўляецца прыкладам для нас цяпер”, заявіў у кантэксце вайны РФ з Украінай Аляксандр Лукашэнка расійскім журналістам 9 траўня ў Маскве пасля ваеннага параду.

“Нам тут падказваюць з-за мяжы, што ну хопіць [узгадваць пра Перамогу], ну не трэба і гэтак далей. Я пра гэта казаў: як толькі мы перастанем — гэта вернецца да нас зноў. Чаму з-за мяжы падказваюць: “Хопіць, хопіць”? Каб выбіць з нашых галоў і сэрцаў тую Перамогу, якая з’яўляецца прыкладам для нас цяпер”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

“Ці тое яшчэ будзе. Яны (Захад. — “Позірк”) рыхтуюцца да вайны. Яны гэтага не хаваюць. А тое, што ў нас у сэрцы і галаве той подзвіг, ім гэта кепска. Бо мы будзем абараняць сваю зямлю гэтак, як [нашы продкі]”, — дадаў ён.

На пытанне амерыканскага тэлеканала NBC, ці павінен цяпер Уладзімір Пуцін пагадзіцца на перамір’е з Украінай, ён адказаў: “Прэзідэнт Пуцін наогул нікому нічога не вінен. <…> Расія даўно гатовая не проста да перамір’я, а да заключэння міру. Пытанне не ў Расіі”.

У апошнія гады Лукашэнка традыцыйна сустракае Дзень Перамогі ў Маскве, якую ў 2020 годзе назваў “сталіцай радзімы”. Пасля вяртання ён далучаецца да мерапрыемстваў у Мінску, як правіла, увечары.

У гэты раз на ваенным парадзе на Чырвонай плошчы і падчас мерапрыемстваў у Крамлі напярэдадні ён сядзеў побач з прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам, з якім у яго цягнецца з мінулага года публічны канфлікт.

Лукашэнка не згадаў Пашыняна сярод адрасатаў віншавання з Днём Перамогі ў гэтым годзе, названы толькі прэзідэнт краіны Ваагн Хачатур’ян.

Каля трох гадзін таму прэс-служба Лукашэнкі паведаміла пра ягоны вылет у Мінск.

Пачатак ваеннага параду і “тэатралізаванага эпізоду “Будзем жыць” у сталіцы запланаваны на 20:30.

Дзень Перамогі ўлады выкарыстоўваюць у прапагандысцкіх мэтах, у 80-ю яго гадавіну — асабліва актыўна.

Падзяліцца: