Мінск 00:14

Грамадзянін ЗША і Чэхіі, які ўехаў у Беларусь у пустым таварным вагоне, пакінуў краіну пасля знаходжання ў РНПЦ псіхічнага здароўя

9 траўня, Позірк. Грамадзянін ЗША і Чэхіі Антон Рос, які прыехаў у канцы сакавіка ў Беларусь у пустым таварным вагоне, пакінуў краіну ў ноч на 8 траўня, гаворыцца ў “Спецыяльным рэпартажы“, паказаным на тэлеканале “Беларусь 1“.

Сустракаць яго прыехалі бацькі Ларыса Рос (грамадзянка Украіны і Чэхіі) і Уільям Пітэр Рос (грамадзянін ЗША). На кадрах фігуруе таксама невядомы мужчына ў цывільным.

З матэрыялу вынікае, што Рос-малодшы больш за тры тыдні ўтрымліваўся ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Мінску.

“У цяперашні час яго псіхічны стан з’яўляецца стабільным, перашкод для выпіскі няма”, — заявіла лекар-псіхіятр Юлія Занковіч.

“24 сакавіка гэты грамадзянін ЗША двойчы спрабаваў легальна ўехаць праз аўтадарожныя пункты пропуску з Літвы ў Беларусь. Аднак яму было адмоўлена ва ўездзе на падставе арт.30 закона “Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь“. Малады чалавек не змог пацвердзіць мэту візіту і не меў дастатковай колькасці грашовых сродкаў для пакрыцця выдаткаў падчас знаходжання ў нашай краіне. Пасля гэтага ён вырашыў парушыць дзяржаўную мяжу”, — заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Антон Бычкоўскі.

Ларыса Рос прынесла прабачэнні за дзеянні сына. Паводле яе, ён пакутуе ад страты памяці.

Бацька паведаміў, што той ужо бываў у Беларусі два гады таму і нібыта называў краіну “раем“.

Рэпартаж выбудаваны ў прапагандысцкім ключы. Пасля сустрэчы рос разам з бацькамі едзе ў аўтамабілі разам са здымачнай групай, ягоная маці робіць кампліменты ў бок Аляксандра Лукашэнкі і беларускай медыцыны, адзначае прыгажосць Менска, ім дэманструюць рэпетыцыю параду да Дня Перамогі.

На шляху Ларыса Рос купляе прадукты ў адной з крамаў і хваліць нізкія кошты.

Паказана перасячэнне росамі беларуска-літоўскай мяжы. У матэрыяле выкарыстоўваюцца кадры з камер памежнікаў, здымкі ТБ-камерай знутры кабінкі пашпартнага кантролю.

Аб затрыманні 27-гадовага грамадзяніна ЗША за нелегальнае перасячэнне беларускай мяжы з боку Літвы “ў адным з парожніх вагонаў [таварнага] чыгуначнага саставу“ паведаміла прэс-служба ДПК 31 сакавіка.

“Для далейшых разглядаў парушальнік перададзены органам памежнай службы”, — гаварылася ў рэлізе.

1 красавіка ведамства заявіла, што ў дачыненні да замежніка распачаты працэс “адміністрацыйны працэс за незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы“. Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 31 сакавіка, удакладнялася ў другім рэлізе.

Таксама анансавалася яго дэпартацыя ў Літву.

Пра наяўнасць у затрыманага, чыё імя не называлася, акрамя амерыканскага, таксама чэшскага грамадзянства, не паведамлялася.

3 красавіка на “Беларусь 1“ было паказана інтэрв’ю з Росам. Дзе ён утрымліваўся на той момант, невядома. Сцвярджалася, што ў яго “ёсць некаторыя праблемы са здароўем“, якія “вырашаюцца беларускімі спецыялістамі“.

Вынікі адміністрацыйнага разбору ў дачыненні да яго таксама невядомыя.

Падзяліцца: