Мінск 05:59

У першым квартале 2025 года ўзмацніўся ўплыў імпартаванай інфляцыі на дынаміку спажывецкіх цэн — Нацбанк

9 траўня, Позірк. У першым квартале 2025 года на фоне высокіх тэмпаў інфляцыі ў Расіі і павелічэння сусветных цэн на шэраг харчовых тавараў узмацніўся ўплыў імпартаванай інфляцыі на дынаміку спажывецкіх цэн у Беларусі, гаворыцца ў аглядзе Нацыянальнага банка.

У студзені — сакавіку, канстатуе рэгулятар, “інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў узрасла — адзначаўся рост у гадавым вымярэнні базавай інфляцыі і адміністрацыйна рэгуляваных цэн (тарыфаў) пры запаволенні сезонных цэн”.

Гадавая базавая інфляцыя ў сакавіку склала 6,1% супраць 5,5% у снежні 2024-га, г.зн. вырасла за квартал на 0,6 працэнтных пункта.

Інфляцыя, “ачышчаная“ ад кароткатэрміновых цэнавых ваганняў (трэндавая інфляцыя), “заставалася ўмеранай і складвалася ніжэй за індэкс спажывецкіх цэн і базавай інфляцыі”.

У сакавіку агрэгаваны паказчык трэндавай інфляцыі ў гадавым вымярэнні склаў 5,2% супраць 5% у снежні 2024-га (+0,2 п.п.).

Нацбанк канстатуе, што “ў выніку павышэння цэн на аўтамабільнае паліва, тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі і пасажырскі транспарт” прырост рэгуляваных цэн і тарыфаў у гадавым вымярэнні павялічыўся да 5,4% супраць 4,4% (+1 п.п.).

Разам з тым запаволіўся гадавы прырост цэн на сезонную плодаагароднінную прадукцыю: 4,7% супраць 5,2% (-0,5 п.п.).

“Абмежаванню валацільнасцт сезоннай плодаагародніннай прадукцыі спрыяла павелічэнне прапановы айчыннай гародніны на ўнутраным рынку, а таксама фіксаванне гранічных максімальных цэн на асобныя віды плодаагародніннай прадукцыі ў міжсезонны перыяд“, — падкрэслівае рэгулятар.

Паводле “вынікаў апытання насельніцтва” (Нацбанк не паведамляе, хто і калі яго праводзіў), у сакавіку інфляцыя, якую адчуваюць рэспандэнты, за апошнія 12 месяцаў склала 10,5% супраць 10,4% (+0, 1 п.п.). Ацэнка чаканага ў наступныя 12 месяцаў росту цэн склалася на ўзроўні 10,1% супраць 11,1% (-1 п.п.).

Спажывецкія цэны ў сакавіку 2025 года выраслі на 0,8%, з пачатку года — на 2,8%, у гадавым вымярэнні (да сакавіка 2024-га) — на 5,9%.

6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту коштаў”. Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзенае рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з яго былі выключаныя некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгулявання цэн, у дакумент уносіліся змены.

Апошнія папраўкі былі зробленыя 2 красавіка 2025 года пастановай № 713 (6). Спіс тавараў, якія падлягаюць цэнаваму рэгуляванню — “зыходзячы з балансу інтарэсаў дзяржавы і ўдзельнікаў спажывецкага рынку“ — скараціўся з 331 да 211 пазіцый (-36,3%). Урад заявіў, што рашэнне паменшыць пералік “грунтавалася на неабходнасці падтрымання ўзроўню інфляцыі і выключэнні з цэнавага рэгулявання тавараў неповседневного попыту або прэміум-класа“.

Беларусь з паказчыкам 5,16% заняла сёмае месца па росце спажывецкіх цэн у 2024 годзе на тэрыторыі былога СССР, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз звестак нацыянальных органаў статыстыкі.

Па выніках студзеня яна была шостай (0,79%), студзеня — лютага і першага квартала — другой (1,74% і 2,22%), студзеня — красавіка — пятай (2,66%), студзеня — траўня — сёмай (2,77%), першага паўгоддзя — шостай (3,39%), студзеня — ліпеня і студзеня — жніўня — сёмы (3,42% і 3,35%), студзеня — верасня і студзеня — кастрычніка — шостай (3,80% і 4,27%), студзеня — лістапада — сёмай (4,57%).

Імпартуемая інфляцыя — інфляцыя, абумоўленая залішнім прытокам у краіну замежнай валюты і павышэннем цэн на імпартныя тавары. Пры залішнім прытоку замежнай валюты адбываецца набраканне грашовай масы крэдытных інстытутаў, узнікае крэдытная экспансія, якая вядзе да інфляцыі.

Падзяліцца: