Мінск 01:54

Ціханоўская сустрэлася з Бушам-малодшым і назвала яго героем

Святлана Ціханоўская і Джордж Буш-малодшы
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

8 траўня, Позірк. Барацьбу за свабоду і дэмакратыю, а таксама ролю Беларусі ў рэгіянальнай бяспецы абмеркавала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 43-м прэзідэнтам ЗША (2001-09) Джорджам Бушам-малодшым.

Сустрэча, як паведамляе прэс-служба беларускага палітыка, прайшла ў Даласе ў рамках візіту (1-7 траўня) дэмлідара ў Злучаныя Штаты.

Адзначаецца, што за паўтары гадзіны бакі абмеркавалі, як надаць пытанню вызвалення беларускіх палітвязняў міжнародны рэзананс, а таксама як зрабіць Беларусь часткай справядлівага і доўгатэрміновага міру ва Усходняй Еўропе.

Акрамя таго, была нададзеная ўвага барацьбе з дыктатурай і рэпрэсіямі і абароне беларусаў, якія не спынілі супраціў.

“Дзякую вам за вашу адданасць беларускай справе і асабліва — за ўсе вашы намаганні па вызваленні палітвязняў, — цытуе Ціханоўскую яе прэс-служба. — Вас беларусы памятаюць, ведаюць і ніколі не забудуць вашу падтрымку. Я ганаруся магчымасцю сустрэцца з вамі і хачу, каб вы ведалі: вы для нас герой, як і прэзідэнт Рэйган (40-ы прэзідэнт узначальваў ЗША ў 1981-89 гадах. — “Позірк”.) для вашага пакалення”.

Паводле паведамлення прэс-службы Ціханоўскай, Буш-малодшы заявіў, што тое, што адбываецца ў Беларусі, “мае значэнне“ для амерыканцаў. “Калі дыктатары, падобныя да Лукашэнкі, прыгнятаюць свой народ за мяжой, гэта змяняе наш свет і наша жыццё ў цэлым. Краіна становіцца менш бяспечнай. Такія смелыя лідары, як Святлана Ціханоўская, якія адстойваюць дэмакратыю, нягледзячы на наступствы, неабходныя для нашай будучыні міру і працвітання“, — прыводзіць прэс-служба словы 43-га прэзідэнта.

Ціханоўская ўручыла Бушу-малодшаму Крыж добрасуседства (узнагарода, заснаваная Аб’яднаным пераходным кабінетам), а таксама падарыла спецыяльны альбом з архіўнымі фатаграфіямі і дакументамі, прысвечанымі яго падтрымцы Беларусі падчас прэзідэнцтва.

У 2004 годзе Буш-малодшы падпісаў першы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, дамогся вызвалення палітвязняў пасля падзей 2006 года і істотна паўплываў на фармаванне палітыкі Вашынгтона ў дачыненні да Мінска.

Акт аб дэмакратыі абнаўляўся ў 2006, 2011, 2020 гадах. Дакумент закліканы дэманстраваць паслядоўную падтрымку з боку ЗША незалежнай, суверэннай, дэмакратычнай Беларусі.

Дакумент пашырае магчымасці ЗША для санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежным СМІ, жанчынам, якія “выступаюць за свабоду і правы чалавека“, палітычным уцекачам, якія ратуюцца ад рэпрэсій у Беларусі, не прызнае легітымнасць Лукашэнкі і прадугледжвае каардынацыю палітыкі ЗША ў дачыненні да Беларусі з іншымі краінамі.

Крыж добрасуседства прысуджаецца паводле рашэння Ціханоўскай грамадзянам, якія зрабілі асаблівы ўнёсак у пабудову стасункаў Беларусі з іншымі краінамі, а таксама ў справу дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.

Сярод узнагароджаных (пасады на момант уручэння) вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, прэзідэнт Еўрапарламента Раберта Метсола, прэзідэнты Польшчы Анджэй Дуда і Чэхіі Пётр Павел, міністры замежных спраў Ісландыі Тордзіс Гілфадоцір, Літвы — Габрыэлюс Ландсбергіс, Польшчы — Радаслаў Сікорскі, Швецыі — Тобіас Більстром, Эстоніі — Маргус Цахкна, экс-дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан.

Падзяліцца: