Мінск 18:37

Лукашэнка зноў заявіў, што затрымаўся ва ўладзе

Ілюстрацыйнае фота: Rapha Wilde / unsplash.com

8 траўня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 8 траўня на адкрыцці Міжнароднага выставачнага цэнтра ў Мінску, у чарговы раз заявіў, што “затрымаўся” ва ўладзе, таму што ў ёй “мусяць быць і дасведчаныя людзі”.

“Як вам я абяцаў, фактычна новае пакаленне прыведзенае да ўлады, — заявіў ён (на падставе відэазапісу на сайце Белтэлерадыёкампаніі). — Ну, я крышку затрымаўся, але пацярпіце, мусяць жа быць і дасведчаныя людзі. Мы іх маем. Ну моладзь прыйшла. Вось вы паглядзіце і зробіце выснову, на што здольная нашая моладзь. Ну як моладзь? Наступнае пакаленне, 50 і больш, яна ўжо не такая і моладзь”.

“Следам ідзе яшчэ адно пакаленне, вось Наталля Іванаўна Качанава (старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу), вы бачыце, і парламент, як ты яго называеш (верагодна, гаворка пра так званы Моладзевы савет (парламент) пры Нацыянальным сходзе — створаны ў ліпені 2020 года кансультатыўна-дарадчы орган, які працуе на грамадскіх пачатках. — “Позірк”.) ды іншае … Яны таксама вучацца. З’явіліся сапраўдныя патрыёты, упэўнены, большасць, якія стаяць перада мной, любяць сваю краіну, захаваць яе ўжо не столькі для сябе, колькі для дзяцей. Але і мы ж яшчэ хочам пажыць”, — сказаў Лукашэнка.

У верасні 2020 года, калі ў Беларусі яшчэ ішлі масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і жорсткасці сілавікоў, Лукашэнка ў інтэрв’ю расійскім СМІ заявіў, што “крыху пераседзеў” ва ўладзе, але нібыта толькі ён тады мог “абараніць Беларусь”.

26 студзеня 2025 года, у асноўны дзень галасавання ў рамках працэдуры, якую афіцыйны Мінск лічыць “прэзідэнцкімі выбарамі”, ён заявіў журналістам, што не шукае чалавека, які зойме найвышэйшую дзяржаўную пасаду пасля яго сыходу. У той жа час ён паспрабаваў пераканаць прэсу, што нібыта не затрымаецца на пасадзе, калі прыйдзе да меркавання, што ў Беларусі “маюцца мужыкі, якія ўзначаляць краіну”.

На пытанне, ці апошні тэрмін ён плануе кіраваць, Лукашэнка адказаў: “Не, я паміраць не збіраюся. <…> Я таксама сказаў: як Качанава скажа, так і будзе. Наталля Іванаўна ў нас — гэта звер. Яна нікому не дае скрывіць лінію ні налева, ані направа. Паспрабуе тут нешта зрабіць. Прыйдзе час, над гэтым падумаем”.

“Я ўжо ў свой час нагаварыў. Думаў, што апошні [тэрмін], вось вам апошні. Таму, ведаеце, вы не думайце, што выбары — маё рашэнне, што гэта толькі ад мяне залежыць. Ну я хіба мог сысці з кляймом, што я спалохаўся і некага кінуў? Нават не спалохаўся, але вось кінуў і сышоў. <…> Я на гэтым марафоне (перадвыбарчы “Марафон адзінства” ў падтрымку Лукашэнкі. — “Позірк”.) сказаў: вы — мае дзеці. Вось вы сёння ў мяне, я за вас адказваю. <…> Нясу гэтую адказнасць”, — адзначыў палітык.

Лукашэнка, што кіруе больш за 30 гадоў, у чарговы раз паўтарыў, што “не трымаецца за ўладу”. “Галоўнае не тое, што ты гэтую ўладу ўзяў і за яе трымаешся. Не. Ты павінен забыцца пра сваё і павінен сканцэнтравацца на дзяржаўным, калі па-сапраўднаму, калі ты не прыйшоў там багатым стаць, мільярдэрам — нешта накраць, нешта панесці, на Захад вывезці ці яшчэ некуды. Вось па-сапраўднаму ад усяго адракайся і забывай. Я, напрыклад, так разумею сваю місію прэзідэнта”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, кандыдатуры наступнага прэзідэнта ўлады будуць “прапаноўваць народу”. “Тыя, якія будуць маладзейшыя за нас. Змена пакаленняў ідзе”, — дадаў спікер.

Лукашэнка апошнім часам актыўна мусіруе тэму “змены пакаленняў” беларускай улады, у тым ліку — пры апошнім прызначэнні членаў урада, які 10 сакавіка ўзначаліў 49-гадовы Аляксандр Турчын.

Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года. З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: