Мінск 20:40

Памілавана 42 чалавекі, асуджаных “за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці” (дапоўнена)

Крыніца: pixabay.com

7 траўня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка памілаваў 42 чалавекі, асуджаных “за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці”, паведамляе яго прэс-служба 7 траўня.

Зроблена гэта “напярэдадні Дня Перамогі”.

Сярод памілаваных 18 жанчын і 24 мужчыны, з іх 13 маюць хранічныя захворванні, адзін інвалід. У 24 асуджаных ёсць непаўналетнія дзеці, двое — шматдзетныя, 10 чалавек старэйшыя за 50 гадоў, адзін дасягнуў пенсійнага ўзросту.

Сцвярджаецца, што ўсе яны “хадайнічалі аб памілаванні, прызналі віну і раскаяліся ў зробленым“.

З ліпеня 2024 года па студзень 2025-га ў Беларусі было дзесяць хваляў памілаванняў, у выніку якіх на волю выйшла больш за 250 палітвязняў. Апошні раз гэта адбылося 24 студзеня, перад працэдурай, якую афіцыйны Мінск лічыць “прэзідэнцкімі выбарамі“ і якая прайшла двума днямі пазней. Дэмакратычныя краіны не прызналі гэтае мерапрыемства сапраўднымі выбарамі, а Лукашэнка — легітымным прэзідэнтам.

Разам з тым людзей у краіне працягваюць затрымліваць і судзіць у крымінальным парадку па палітычна матываваных крымінальных справах.

На 7 траўня беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 1.189 чалавек. Насамрэч людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій у той ці іншай форме, значна больш.

Некалькімі гадзінамі раней Лукашэнка падпісаў закон “Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.

Як і раней, амністыя не будзе ўжытая “да асоб, датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці” (у апошнія гады ўлады папаўняюць адпаведныя спісы пераважна імёнамі асуджаных па справах палітычнага характару). Раней восем беларускіх праваабарончых арганізацый звярнуліся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з просьбай распаўсюдзіць амністыю на асуджаных з палітычных матываў.

Падзяліцца: