Мінск 02:23

У Полацкім раёне супрацоўнікі МУС са стральбой спынілі п’янага бяспраўніка на трактары

Крыніца: тэлегам-канал "Обратная сторона" Скрыншот: "Позірк"

7 траўня, Позірк. Стрэламі па колах супрацоўнікі міліцыі спынілі трактар у Полацкім раёне, паведамляе УУС Віцебскага аблвыканкама.

За рулём трактара, як адзначаецца, знаходзіўся 38-гадовы мясцовы жыхар у нецвярозым стане.

Усяго падчас інцыдэнту ў кабіне транспартнага сродку знаходзілася чатыры чалавекі, вынікае з паведамлення. Патрабаванне аб спыненні кіроўца праігнараваў, пачаўся пераслед. Падчас пагоні, як заяўляецца, “трактар віляў ад канавы да канавы, у нейкі момант адна пасажырка на хаду пакінула “палубу”.

Устаноўлена, што ў выдыханым паветры кіроўцы выяўлена 1,8 праміле алкаголю.

Паводле даных УУС, у 2021 годзе ён быў пазбаўлены правоў кіроўцы за язду ў стане ап’янення. У студзені гэтага года яго затрымлівалі за язду ў п’яным выглядзе. Цяпер мужчыну пагражае крымінальная адказнасць.

Паведамляецца, што “кіраўнік арганізацыі, якой належыць трактар”, будзе таксама прыцягнуты да адказнасці — за допуск да ўдзелу ў дарожным руху бяспраўніка.

Па віне кіроўцаў у стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення ў 2024 годзе адбылося 226 дарожна-транспартных здарэнняў — на 5,8% менш, чым у 2023-м (240), сведчыць праведзены Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У Мінскай вобласці зафіксавана 50 такіх аварый (-23,1% у параўнанні з папярэднім годам, калі было 65), Віцебскай — 39 (+30%; 30), Брэсцкай — 35 (-18,6%; 43), Гомельскай — 35 (-10,3%; 39), Магілёўскай — 34 (+25,9%; 27), Гродзенскай — 21 (без зменаў), у Мінску — 12 (-20%; 15).

Колькасць загінулых па віне нецвярозых вадзіцеляў у гадавым вымярэнні павялічылася на 5% (з 60 да 63).

Затрыманні з ужываннем зброі ў Беларусі адбываюцца рэгулярна.

Падзяліцца: