Мінск 00:58

З 2020 года ліквідавана не менш як 1.926 НКА

Крыніца: lawtrend.org

6 траўня, Позірк. За перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да красавіка 2025-га ў Беларусі было ліквідавана не менш за 1.926 НКА — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, гаворыцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

На канец сакавіка было ліквідавана не менш за 1.917 НКА, лютага — 1.905, студзеня — 1.896, на канец 2024 года — 1.891, усяго за мінулы год — мінімум 382.

Па стане на канец лістапада даныя не прадстаўлены.

На канец кастрычніка было ліквідавана не менш за 1.838 НКА, верасня — 1.803, жніўня — 1.777, ліпеня — 1.742, чэрвеня — 1.696, траўня — 1.665, красавіка — 1.622, сакавіка — 1.601, лютага — 1.563, студзеня — 1.533. На канец снежня 2022 года налічвалася 1.173 закрытыя некамерцыйныя арганізацыі.

Паводле даных Lawtrend, на канец красавіка ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася не менш за 1.189 некамерцыйных арганізацый. На канец сакавіка такіх было 1.188, лютага — таксама 1.188, студзеня — не менш за 1.187, снежня 2024-га — 1.186, кастрычніка — 1.161 (1.137 — у канцы верасня, 1.116 — жніўня, 1.086 — ліпеня, 1.061 — чэрвеня, 1.033 — траўня, 1.003 — красавіка, 997 — сакавіка, 981 — лютага, 969 — студзеня, 960 — снежня 2023-га).

Рашэнне пра самастойную ліквідацыю прынялі прынамсі 737 НКА.

На канец сакавіка такіх было 729, лютага — 717, студзеня — 709, на канец 2024 года — 705, на канец кастрычніка — 677, верасня — 666, жніўня — 661, ліпеня — 656, чэрвеня — 635, траўня — 632, красавіка — 619, сакавіка — 604, лютага — 582, снежня 2023-га — 564, снежня 2022-га — 416.

Lawtrend адзначае, што цяпер ліквідацыя НКА набыла кропкавы характар, што звязана перш за ўсё з вялікай колькасцю ўжо ліквідаваных арганізацый.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што прыняццё рашэння аб самастойнай ліквідацыі НКА ў Беларусі найперш звязана з беспрэцэдэнтнымі рэпрэсіямі ў краіне, неспрыяльным прававым асяроддзем, ціскам на незалежны грамадзянскі сектар, а таксама на канкрэтныя арганізацыі і іх кіраўніцтва, членаў, супрацоўнікаў.

Адзначаецца, што ў сувязі з выкананнем сваёй прафесійнай дзейнасці, удзелам у арганізацыях грамадзянскай супольнасці, праяўленнем грамадзянскай актыўнасці тэрмін пазбаўлення волі адбываюць не менш як 5 прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый, дзясяткі прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці, рэлігійных арганізацый, 29 прадстаўнікоў прафсаюзаў і працоўнага руху, працягваецца ціск на прадстаўнікоў рэлігійных арганізацый.

“Працягваецца практыка запалохвання і ціску на актывістаў за мяжой, а таксама іх блізкіх сваякоў, што засталіся ў Беларусі. У дачыненні да актывістаў, якія вымушана выехалі за мяжу, распачынаюцца справы ў парадку спецыяльнай (завочнай) вытворчасці. На канец красавіка 2025 года ў пералік асоб, у дачыненні да якіх распачата спецыяльная вытворчасць, і якія выклікаюцца ў орган крымінальнага пераследу, унесена 147 чалавек”, — гаворыцца ў аглядзе.

Падзяліцца: