Мінск 20:13

Беларускія кампаніі актывізавалі рэгістрацыю таварных знакаў на расійскім рынку

6 траўня, Позірк. Кампаніі з Кітая і Беларусі часцей за іншых рэгіструюць гандлёвыя маркі на рынку РФ, вынікае з сумеснага даследавання банка ВТБ і расійскай платформы “Анлайн Патэнт”.

Як адзначаецца, у 2024 годзе агульная колькасць заявак на рэгістрацыю замежных таварных знакаў “перавысіла дасанкцыйны ўзровень” на 18%.

Канкрэтныя даныя аб рэгістрацыі беларускімі кампаніямі таварных знакаў у РФ у даследаванні не прадстаўленыя. Адзначана толькі, што бізнес з Беларусі “падаў у два разы больш заявак”.

Удакладняецца, што лідарамі сталі беларускія кампаніі ў сферы аптовага і рознічнага гандлю (доля 12%), кандытарскіх вырабаў і бакалеі (па 8%), касметыкі і малочнай прадукцыі (па 7%).

Паводле меркавання старшага віцэ-прэзідэнта ВТБ Спартака Салоніна, “развіццё расійскага рынку адкрывае новыя магчымасці для замежных кампаній, асабліва з краін Азіі і СНД”, яны “актыўна рэгіструюць брэнды, імкнуцца замацавацца ў вызваленых нішах і павялічыць сваю прысутнасць у перспектыўных сектарах эканомікі”.

У сваю чаргу генеральны дырэктар “Анлайн Патэнт” Аліна Акіншына сцвярджае, што, “нягледзячы на санкцыі, цікавасць замежнага бізнесу да расійскага рынку не слабее і нават расце”.

Таварны знак (знак абслугоўвання) — гэта “абазначэнне, якое служыць для індывідуалізацыі тавараў, выконваемых работ або аказваемых паслуг”, гаворыцца на сайце Федэральнай службы інтэлектуальнай уласнасці (РФ). Таварным знакам можа быць лагатып або назва.

Калі ў кампаніі няма таварнага знака, любы можа выкарыстоўваць яе назву ці лагатып. Каб знізіць гэтыя рызыкі, кампаніі рэгіструюць таварныя знакі і атрымліваюць выключныя правы на іх.

Заяўка на таварны знак падаецца ў Растпатэнт юрыдычнай асобай або грамадзянінам.

Падзяліцца: