Мінск 14:46

У Беларусі скасаваныя ўсе забароны на наведванне лясоў, абмежаванні засталіся ў пяці раёнах

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

6 траўня, Позірк. На раніцу 6 траўня ў Беларусі не засталося ніводнага раёна, дзе б праз пажарную небяспеку дзейнічала забарона на наведванне лясоў, сведчыць інтэрактыўная мапа на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

Абмежаванні ўсё яшчэ дзейнічаюць у 5 з ​​118 раёнаў Брэсцкай (Іванаўскі, Пінскі, Столінскі) і Гродзенскай (Мастоўскі, Шчучынскі) абласцей. Па ўсёй астатняй тэрыторыі краіны лясы можна наведваць свабодна.

Напярэдадні забарона дзейнічала ў 42 раёнах (у Гомельскай вобласці — у 20 з 21, Гродзенскай — у 10 з 17, Віцебскай — у 5 з 21, Мінскай — у 7 з 22); абмежаванні — у 53, свабоднае наведванне — у 23.

Паводле інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 5 траўня да 6:00 6 траўня) у Беларусі ліквідавалі адзін лясны пажар на плошчы 4 гектары і тры пажары травы і кустоў (агульная плошча — 0,07 га).

У перыяд дзеяння забароны ўезд і ўваход на тэрыторыю лесу забаронены. Абмежаванне ж азначае, што ў лясы нельга заязджаць на аўтамабілі і разводзіць там вогнішчы. Пры гэтым даступныя шпацыры і збор ягад ды грыбоў.

За парушэнне пажарнай бяспекі прадугледжана адказнасць паводле арт. 15.29. КаАП (штраф для фізічных асоб — да 25 базавых велічынь, або 1.050 рублёў).

Падзяліцца: