Мінск 16:05

Рэжым Лукашэнкі не бачыць у людзях з інваліднасцю роўных грамадзян — Ціханоўская

Ілюстрацыйнае фота: jcomp / freepik.com

5 траўня, Позірк. У Беларусі больш за 560 тыс. людзей з інваліднасцю, але іх праблемы часта застаюцца нябачнымі, адзначыла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 5 траўня ў звароце з нагоды Міжнароднага дня барацьбы за правы інвалідаў.

“Бар’еры існуюць не толькі на вуліцах — яны прысутнічаюць у законах, у адукацыі, у медыцынскай сістэме, на рынку працы”, — канстатавала палітык.

Паводле слоў Ціханоўскай, права на годнае жыццё людзей з інваліднасцю “патрабуе асаблівай увагі і абароны”. Сённяшняя дата, падкрэсліла яна, закліканая нагадваць, што беларуская “супольнасць мусіць быць справядлівай і роўнай для ўсіх без выключэнняў”.

Дэмлідар прывяла прыклады праблем, з якімі сутыкаюцца ў Беларусі людзі з інваліднасцю. Яна згадала сітуацыі, калі хворым на спінальную цягліцавую атрафію “больш за два гады не ўсталёўваюць аўтаматычны пад’ёмнік у пад’ездзе”; бацькам, якія даглядаюць дарослага сына з інваліднасцю, скасоўваюць пенсію, “бо ён не можа падпісаць дакументы аб непрацаздольнасці”; амаль не існуе рэабілітацыйных дзяржаўных праграм для людзей з інваліднасцю, якім больш за 18 гадоў. 

“Асабліва балюча, калі людзі з інваліднасцю становяцца ахвярамі рэпрэсій. Асуджаным не аказваецца належная медычная дапамога. Адсутнасць элементарных умоў утрымання для Ігара Ледніка і Мікалая Клімовіча прывяла да трагічных смерцяў. Гэта вынік існавання сістэмы, у якой чалавечае жыццё не мае каштоўнасці”, — падкрэсліла Ціханоўская. 

Палітык нагадала пра закрыццё Офіса па правах людзей з інваліднасцю — арганізацыі, якая “дапамагала тым, каму не дапамагае дзяржава”. 

“Сённяшняя “ўлада” не бачыць у гэтых людзях роўных грамадзян”, — канстатавала Ціханоўская.

Дэмлідар упэўненая, што Беларусь магчыма змяніць да лепшага: “Мы імкнёмся да будучыні, дзе кожны чалавек будзе мець права і магчымасць вучыцца, працаваць, удзельнічаць у грамадскім жыцці і атрымліваць якасную дапамогу”.

“Апошнія гады паказалі — мы не той народ, што заплюшчыць вочы на патрэбы іншых, — адзначыла яна. — Мы ўжо разам будуем Беларусь, у якой ніхто не будзе забыты <…> таму што сапраўдная каштоўнасць краіны — у яе людзях, ва ўсіх людзях без выключэння”.

Ціханоўская звярнулася да ўсіх, хто мае магчымасць і для каго гэта бяспечна, падтрымаць дабрачынны збор да Міжнароднага дня барацьбы за правы інвалідаў.

На 12 сакавіка 2025 года праваабаронцам было вядома пра 219 палітвязняў у “асаблівай рызыцы”. У 78 чалавек цяжкі стан здароўя, у 8 — інваліднасць, 32 — ва ўзросце старэйшыя за 60 гадоў (многія з іх хварэюць), у 10 — ментальныя разлады.

Падзяліцца: