Мінск 21:23

Лукашэнка хоча сустрэцца з прэзідэнтам Габона Алігі Нгемам, які прыйшоў да ўлады ў выніку перавароту

Прэзідэнт Габона Брыс Клотэр Алігі Нгема
Архіўнае відэа: Al Jazeera / Стоп-кадр: "Позірк"

3 траўня, Позірк. Беларусь гатовая прапанаваць Габону “досвед і кампетэнцыі, якія будуць садзейнічаць падвышэнню ўзроўню харчовай бяспекі і дабрабыту грамадзян”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 3 траўня Брыса Клотэра Алігі Нгему з абраннем прэзідэнтам гэтай дзяржавы ў Цэнтральнай Афрыцы.

“Буду рады сустрэцца з вамі ў Мінску ці Лібрэвілі або падчас міжнародных мерапрыемстваў для абмеркавання шляхоў нарошчвання дынамікі двухбаковых стасункаў”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Вынікі галасавання і “пераканаўчая перамога” Алігі Нгемы, на думку Лукашэнкі, сведчаць пра “высокі давер людзей палітычнаму і сацыяльна-эканамічнаму курсу”, які праводзіць гэты габонскі палітык.

“Падкрэсліваю зацікаўленасць ва ўмацаванні беларуска-габонскага сяброўства на карысць нашых народаў. Адзначаю вялікі патэнцыял для актывізацыі палітычнага дыялога і плённай супрацы ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай і іншых сферах”, — адзначыў віншавальнік.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Габонам усталяваныя 5 снежня 1996 года.

Генерал Алігі Нгема, будучы камандуючым Рэспубліканскай гвардыяй Габона (павінна гарантаваць бяспеку ўрадавых чыноўнікаў і дзяржаўных будынкаў) разам з шэрагам афіцэраў іншых сілавых структур узначаліў 30 жніўня 2023 года вайсковы пераварот, у выніку якога быў зрынуты прэзідэнт Алі Бонга (быў ва ўладзе з 2009-га) і фактычна спыніўся рэжым, усталяваны яго бацькам Амарам Бонгам (кіраваў 42 гады — з 1967-га да смерці ў 2009-м). Пасля перавароту Алігі Нгема быў прыведзены да прысягі як прэзідэнт пераходнага перыяду.

12 красавіка 2025 года ў Габоне адбыліся выбары, на якіх Алігі Нгема, як сцвярджаецца, набраў амаль 95% галасоў выбаршчыкаў (яго супернік прэм’ер-міністр Ален Клод Білі Бі Нзэ — крыху больш за 3%). Назіральнікі станоўча расцанілі ступень празрыстасці працэдур, аднак апазіцыя абвінаваціла ўлады ў выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу, заявіла пра няроўны доступ да выбарчых участкаў і назвала выбары несвабоднымі.

Варта адзначыць, што Алігі Нгема і зрынуты пры яго ўдзеле Алі Бонга — траюрадныя браты.

Падзяліцца: