Мінск 22:57

Беларусь заняла 166-е месца ў індэксе свабоды прэсы “Рэпарцёраў без межаў”

Крыніца: Global Look Press

2 траўня, Позірк. Беларусь заняла 166-е месца ў сусветным індэксе свабоды прэсы 2024 года, які склала міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” (RSF).

Беларусь знаходзіцца паміж Кубай і Азербайджанам.

У індэксе-2024 Беларусь займала 167-е месца, у 2023 годзе — 157-е, у 2022-м — 153-е.

“34 краіны вылучаюцца масавым закрыццём сваіх СМІ, што прывяло да выгнання журналістаў у апошнія гады. Гэта асабліва дакладна для Нікарагуа (172-е месца), Беларусі (166), Ірана (176), М’янмы (169), Судана (156), Азербайджана (167) і Афганістана (175), дзе эканамічныя цяжкасці пагаршаюць наступствы палітычнага ціску”, — адзначае RSF.

Таксама звяртаецца ўвага на “эканамічнае ўдушэнне”, якое закранае “рэдакцыі ў выгнанні”. “Пазбаўленыя мясцовых крыніц даходу і амерыканскай падтрымкі, яны масава скарачаюць сваіх супрацоўнікаў, што яшчэ больш падрывае доступ да незалежнай інфармацыі — асабліва для такіх краін, як Расія і Беларусь”, — канстатуе арганізацыя.

Першыя дзесяць месцаў у рэйтынгу займаюць (у парадку змяншэння): Нарвегія, Эстонія, Нідэрланды, Швецыя, Фінляндыя, Данія, Ірландыя, Партугалія, Швейцарыя, Чэхія.

Горш за ўсё сітуацыя са свабодай прэсы ў Расіі, Нікарагуа, В’етнаме, Туркменістане, Афганістане, Іране, Сірыі, Кітаі, Паўночнай Карэі і Эрытрэі.

У рэйтынгу прадстаўлена 180 краін.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, за кратамі знаходзіцца 40 прадстаўнікоў СМІ.

3 траўня адзначаецца Сусветны дзень свабоды прэсы.

Падзяліцца: