Мінск 03:59

Прадстаўнік акупацыйных уладаў Херсонскай вобласці заявіў на БТ аб “пакуль яшчэ незалежнай Беларусі” і суседніх краінах

Крыніца: news.by / скрыншот "Позірку"

1 траўня, Позірк. Мясцовыя ўлады акупаванай Расіяй часткі Херсонскай вобласці Украіны чакаюць “у сябе на тэрыторыях” інвестараў і сельгасперапрацоўшчыкаў “з Беларусі”, заявіў “намеснік губернатара” Уладзімір Бадэлан у інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1” (апублікавана 30 красавіка).

Дзе была запісаная размова, не ўдакладняецца.

“Для мяне ўвогуле вельмі складана разумець. Я нарадзіўся ў Савецкім Саюзе яшчэ, так, у 75-м годзе — і ўся мая свядомасць (усё-такі да 91-га года была дастаткова дарослым маладым чалавекам) засталася яшчэ вось у тым выхаванні савецкай эпохі, савецкага рэжыму. Таму для мяне няма розніцы, вось, беларус, украінец, рускі, казах — ды любы іншы чалавек”, — сказаў Бадэлан.

“Мы, у першую чаргу, бачым сяброў, партнёраў, родных нашых, так скажам, сямейных сяброў з тэрыторый вось такіх менавіта дзяржаў, як Беларусь, спадзяюся, у будучыні і суседніх іншых краін, якія сёння пакуль яшчэ знаходзяцца <…> незалежнымі — асобныя дзяржавы. Але ў будучыні, думаю, што мы ўсе будзем зноўку аб’ядноўвацца і выбудоўваць адно вялікае грамадства”, — дадаў ён.

Паволе сцвярджэння прадстаўніка акупацыйных уладаў, кожны “рускі салдат” і “беларускі чалавек” стаяць “на варце міру з белага боку”.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

50-гадовы Бадэлан нарадзіўся ў Адэсе.

Пасля пажару ў мясцовым Доме прафсаюзаў 2 траўня 2014 года быў адхілены ад працы, на яго была заведзеная крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 135 КК (пакiданне ў небяспецы, якое прывяло да смерці або іншых цяжкіх наступстваў). Быў абвешчаны ў вышук ва Украіне, атрымаў расейскае грамадзянства і пераехаў у Крым.

Падзяліцца: