Мінск 17:11

У Ханты-Мансійску затрымалі грамадзян Беларусі і РФ, якія, паводле сцвярджэння ФСБ, рыхтавалі тэракт

Фота: прэс-служба СК РФ

30 красавіка, Позірк. Супрацоўнікі Федэральнай службы бяспекі Расіі затрымалі ў Ханты-Мансійску грамадзян Беларусі і РФ, якія, як сцвярджае ведамства, рыхтавалі тэрарыстычны акт.

Затрыманых — “ураджэнца Украіны (1980 года нараджэння), які ўступіў у расійскае грамадзянства, і грамадзяніна Беларусі (1976 г.н.)” прэс-служба ФСБ называе “агентамі ўкраінскіх спецслужбаў”.

Мужчыны, паводле сцвярджэння ведамства, “датычныя да падрыхтоўкі тэракту з выкарыстаннем самаробнага выбухнога прыстасавання (СВП) у дачыненні да аднаго з вайскоўцаў добраахвотніцкага батальёна Мінабароны Расіі, які бярэ ўдзел у спецыяльнай ваеннай аперацыі” (так расійскія і беларускія ўлады называюць развязаную РФ вайну супраць Украіны).

Адзначаецца, што пры рзборцы СВП “адбылася міжвольная дэтанацыя, у выніку якой разбураныя дзве кватэры шматпавярховага жылога дома ў Ханты-Мансійску”.

Пяць чалавек, у тым ліку фігурантаў справы, шпіталізавалі з траўмамі рознай ступені.

Следчы камітэт РФ узбудзіў крымінальныя справы паводле ч. 1 ст. 30, ч. 2 ст. 205 (падрыхтоўка да тэрарыстычнага акта), ч. 3 ст. 30, ч. 2 ст. 105 (замах на забойства), ч. 2 ст. 167 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці).

Паводле інфармацыі ФСБ, таксама затрыманы грамадзянін Малдовы (1977 г.н.), які “даставіў на асабістым мікрааўтобусе “Мэрсэдэс Спрынтар” у гэты расійскі рэгіён транзітам праз Польшчу, Літву і Беларусь кампаненты СВП, закамуфляваныя ў акумулятарным шуруповерце і араматычнай свечцы, перададзеныя яму ў Івана-Франкоўску агентам украінскіх спецслужбаў грамадзянінам Украіны Валянцінам Паўлюком (1986 г.н.)”.

Ведамства сцвярджае, што тэрыторыя Малдовы і яе грамадзяне з “папушчальніцтва рэжыму [прэзідэнта Маі] Санду працягваюць выкарыстоўвацца ўкраінскімі спецслужбамі для вярбоўкі і навучання агентуры, забеспячэння яе сродкамі тэрору і наступнага закідвання ў Расію для здзяйснення тэрактаў і дыверсій”.

Варта адзначыць, што ФСБ не выказала прэтэнзій пагранічным і мытным органам Беларусі за недастаткова пільны агляд мікрааўтобуса, які, як сцвярджаецца, уехаў з Літвы менавіта праз беларускую мяжу.

Падзяліцца: