Мінск 16:32

Лукашэнка чакае візіту кіраўніка кампартыі В’етнама — абмеркаваць “стратэгічныя напрамкі” супрацы

Генеральны сакратар ЦК Кампартыі В'етнама То Лам
Архіўнае відэа: CCTV Video News Agency / Стоп-кадр: "Позірк"

30 красавіка, Позірк. Пераходу двухбаковых стасункаў на “якасна новы ўзровень” будзе садзейнічаць візіт генеральнага сакратара ЦК Камуністычнай партыі В’етнама То Лама ў Мінск, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы гэтага партыйнага дзеяча з 50-годдзем “вызвалення Паўднёвага В’етнама і ўз’яднання краіны”.

Беларускі палітык, як паведамляе яго прэс-служба, “з нецярпеннем чакае” прыезду То Лама.

“Разлічваю падчас перагавораў абмеркаваць стратэгічныя напрамкі і практычныя крокі па пашырэнні міждзяржаўнай супрацы”, — гаворыцца ў пасланні.

На думку Лукашэнкі, “паўстагоддзя таму в’етнамскімі патрыётамі пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі была дасягнутая лёсавызначальная мэта па вяртанні як геаграфічнага, так і духоўнага народнага адзінства”, дзякуючы чаму ў дзяржаву “прыйшоў доўгачаканы мір”.

“Мы добра разумеем тыя высокія пачуцці, якія выклікае сённяшняе свята ў кожнага в’етнамца, таму што на сваім гістарычным шляху да суверэнітэту беларусы таксама не раз перажывалі войны і раздзелы”, — падкрэсліў ён у пасланні на адрас То Лама.

Віншуючы з гэтай датай прэзідэнта В’етнама Лыонг Кыонга, Лукашэнка адзначыў, што “развіццё ўзаемавыгаднага партнёрства з Ханоем у розных галінах заўсёды было і застаецца прыярытэтам для Мінска”.

“Беларусь як надзейны сябар гатовая паглыбляць двухбаковую супрацу і разам з В’етнамам ісці па шляху ўмацавання дзяржаўнасці і падвышэння дабрабыту грамадзян”, — сцвярджае ён.

Пра тое, што То Лам у траўні наведае Беларусь, напярэдадні паведаміла прэс-служба Палаты прадстаўнікоў са спасылкай на намесніка старшыні ніжняй палаты парламента Вадзіма Іпатава, які знаходзіўся ў В’етнаме. Паводле слоў дэпутата, запланаванае “падпісанне сумеснай заявы і дарожнай карты на 2025–2027 гады”.

У кастрычніку 2024 года Лукашэнка запрашаў прэзідэнта Лыонг Кыонга наведаць Беларусь, каб абмеркаваць “пашырэнне двухбаковых палітычных, эканамічных і гуманітарных сувязей і плённага ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне”.

Прэзідэнта краіны ў В’етнаме выбірае парламент. На прэзідэнцкай пасадзе Лыонг Кыонг змяніў То Лама, які прабыў на гэтай пасадзе ўсяго пяць месяцаў. Летась у жніўні То Лам быў абраны генеральным сакратаром кіроўнай і адзінай легальнай палітычнай структуры — Камуністычнай партыі В’етнама. Фактычна пазіцыя партыйнага лідара вышэй за пазіцыю прэзідэнта.

На сустрэчы з міністрам грамадскай бяспекі В’етнама Там Куангам 9 верасня 2024 года ў Мінску Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе “настолькі актыўная ў стасунках” з Ханоем, наколькі гэта можа дазволіць сабе в’етнамскае кіраўніцтва.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і В’етнамам усталяваныя 24 студзеня 1992 года. Беларускае гандлёвае прадстаўніцтва ў Ханоі было пераўтворанае ў амбасаду ў снежні 1997 года, в’етнамская дыпмісія ў Мінску адкрылася ў канцы 2003-га.

У снежні 2023 года ў Хашыміне адкрытае генеральнае консульства Беларусі.

Паводле інфармацыі МЗС, тавараабарот Беларусі і В’етнама ў 2021 годзе склаў 200,3 млн долараў (беларускі экспарт — 92,9 млн, в’етнамскія пастаўкі — 107,4 млн, адмоўнае сальда — 14,5 млн). Актуальных даных у адкрытым доступе няма.

Падзяліцца: